У Менску зноў дрэнна пахне
- 28.07.2008, 9:00
У Менску зноў з'явіўся непрыемны пах. У некаторых раёнах у цэнтральнай частцы горада ён асабліва моцны.
Аднак у МНС тэлеканалу АНТ паведамілі, што ніякіх аварый у сістэме гарадской каналізацыі не зафіксавана. На «Менскводаканале» таксама запэўнілі, што ў іх усё ў парадку. Паміж тым, смурод адчуваецца ў самым цэнтры сталіцы - на праспектах Незалежнасці, Пераможцаў і Машэрава, у старым горадзе, на Нямізе, у раёне Камароўкі - а таксама ў мікрараёне Вяснянка. Па версіі жыхароў, сапсаваць паветра магла адна з птушкафабарык, палі якой знаходзяцца ў межах горада або ў яго наваколлях. Пах угнаенняў распаўсюджваецца з-за ветра. Падобнае здаралася і раней - два гады таму непрыемны пах трымаўся цэлы тыдзень.
У Рэспубліканскім цэнтры радыяцыйнага кантролю і маніторынгу навакольнага асяроддзя запэўнілі, «акрамя паху, інцыдэнт не прынёс ніякіх наступстваў, у тым ліку экалагічных». Раздражняльнік абаняння знікне, як толькі вецер зменіць напрамак.