BE RU EN

У Варшаве адбыліся перамовы паміж «Маладым Фронтам» і партыяй «Права і справядлівасьць»

  • 28.07.2008, 15:51

24 ліпеня ў Варшаве адбыліся перамовы паміж арганізацыяй “Малады Фронт” і польскай партыяй “Права і справядлівасьць”.

Намесьнік старшыні “Маладога Фронту” Артур Фінькевіч сустрэўся з віцэ-старшынёй партыі “ПіС” Адамам Ліпіньскім. Падчас сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі перспектывы супрацоўніцтва паміж арганізацыямі, а таксама падпісанне пагадненьня паміж “Маладым Фронтам” і Моладзевай арганізацыі “ПіС”.

Адам Ліпіньскі выказаў упэўненасьць, што “сустрэча ў Варшаве са спадаром Артурам Фінькевічам будзе пачаткам рэгулярных кантактаў нашых асяродзьдзяў, тым больш, што аб'ядноўваюць нас як ідэі вольнасьці, нацыянальныя і хрысьціянскія ідэі, так і рашучасьць у змаганьні за дэмакратыю на Беларусі”.

“З задавальненьнем хачу адзначыць, што нашая сустрэча падцьвердзіла таксама тое, што мы маем падобную ацэнку сітуацыі ў Вашай краіне, а таксама пастулаты датычныя неабходнасьці польскай дапамогі для Беларусаў, якія змагаюцца сёньня за поўную незалежнасьць і дэмакратычныя свабоды.

У сувязі з гэтым прагну падкрэсьліць, што менавіта ў час кіраваньня ў Польшчы ураду “Права і справядлівасьці”, з ініцыятывы нашых дзеячаў распачалося стварэньне тэлебачаньня “Белсат”, пачала працу стыпендыальная праграма ім. Каліноўскага для рэпрэсаваных беларускіх студэнтаў, адноўленае беларускае “Радыё Рацыя”, рушыла праграма для рэпрэсаваных на Беларусі. Мы падтрымлівалі гэтую дзейнасьці , як палітычна, арганізацыйна, так і перадусім – фінансава. Гэтая дапамога павінна быць працягнутая!

Таму ад імя нашай партыі хачу выказаць гатоўнасьць далейшай падтрымкі ўсёй вашай дзейнасьці на карысьць дэмакратыі на Беларусі. Гэтаму будзе садзейнічаць і ўмова аб супрацоўніцтве паміж “Маладым Фронтам” і моладзевай арганізацыяй “Права і сравядлівасьць” – заявіў Адам Ліпіньскі.

Артур Фінькевіч у інтэрвію прэсавай службе “Маладога Фронта” так пракаментаваў вынікі перамоваў са спадаром Ліпіньскім: “Напэўна, за апошнія некалькі год гэтая сустрэча ёсьць адным з найсур’езных поспехаў “Маладога Фронту” у накірунку стасункаў з польскімі арганізацыямі і партыямі. Улічваючы тое, што “Права і справядлівасьць” есьць ідеялагічна блізкай да “Маладога Фронту” партыяй і стаіць, як і МФ, на нацыянальных і хрысьціянскіх прынцыпах, а таксама тое, што пры ўрадзе “ПіС” быў адчынены і распачаты шэраг беларускіх праграмаў, і прынцыповую пазіцыю “ПіС” да дыктатарскага рэжыму Лукашэнкі – я перакананы, што ў супрацоўніцтве з “ПіС” мы знайшлі аднаго з асноўных партнэраў, з якім мы будзем працаваць у самых розных накірунках. Перакананы, што менавіта польскі народ, які жыў ва ўмовах дыктатуры, выдатна разумее праблемы нашага народу – і таму супраца з “ПіС” дазволіць наблізіць нас да перамогі свабоды і дэмакратыі ў Беларусі!”

Плануецца, што пагадненьне аб супрацоўніцтве паміж “Маладым Фронтам” і моладзевай арганізацыяй “ПіС” будзе падпісана ў Варшаве бліжэйшым часам.

Апошнія навіны