Кандыдата ў дэпутаты Алеся Чыгіра арыштавалі на 10 сутак (абноўлена)
- 29.07.2008, 9:51
Бабруйскі раённы суд пакараў патэнцыйнага кандыдата ў дэпутаты ад дэмакратычных сілаў Алеся Чыгіра 10 суткамі арышту й штрафам у памеры 60 базавых велічыняў — гэта два мільёны сто тысяч рублёў.
Судзьдзя Бабруйскага раённага суду Аляксей Клімаў прызнаў палітыка вінаватым у зьдзяйсьненьні дробнага хуліганства, непадпарадкаваньні патрабаваньням міліцыі й пашкоджаньні транспартнага сродку — таксоўкі, паведамляе “Радыё Свабода”.
Празь пяць дзён прысуд уступіць у сілу. За гэты час у Алеся Чыгіра будзе магчымасьць абскардзіць пастанову ў магілёўскім абласным судзе.
Алесь Чыгір вінаватым сябе не прызнае й зазначае, што прысуд палітычна матываваны.
“Ён разьлічаны на тое, каб я спыніў сваю выбарчую кампанію, але я таго не зраблю. Бліжэйшымі днямі я абскарджу пастанову бабруйскага суду”, — зазначыў “Свабодзе” Алесь Чыгір.
Алеся Чыгіра затрымалі позна ўвечары 29 траўня, калі ён зь сям’ёй вяртаўся ад сваякоў дадому таксоўкай. Пасьля таго, як з таксістам разьлічыліся, Алесь папрасіў у яго чэк на аплату; той адразу пачаў канфліктаваць. Калі жонка Чыгіра з дачкой выйшлі з машыны, таксіст адразу ж паехаў, ня даўшы выйсьці самому Алесю. Кіроўца спыніўся толькі каля міліцэйскага патруля, які даставіў палітыка ў пастарунак. У пастарунку, паводле спадара Чыгіра, яго моцна зьбілі.
Алесь Чыгір трынаццаць гадоў настаўнічаў у бабруйскай сярэдняй школе № 8. У 2006 годзе яго звольнілі, не падоўжыўшы кантракту. На знак пратэсту ён прыкуў сябе да агароджы перад будынкам Бабруйскага гарвыканкаму. За гэтую акцыю пратэсту яго пакаралі тады 10 суткамі адміністрацыйнага арышту. Ад 2003 да 2007 году Алесь Чыгір быў дэпутатам Бабруйскага гарсавету. Ён жанаты, мае трох непаўналетніх дзяцей.