Расейскія вайскоўцы распачалі стрэляніну ў Севастопалі. Украіна пратэстуе
- 29.07.2008, 11:49
Міністэрства замежных спраў Украіны перадало МЗС Расейскай Федэрацыі ноту пратэсту ў сувязі з парушэннямі ўкраінскага заканадаўства пры святкаванні Дня Ваенна-марскога флота РФ у Севастопалі.
У панядзелак у МЗС Украіны адбылася сустрэча в.а. першага намесніка міністра замежных спраў Украіны Юрыя Касценкі з дараднікам-пасланцам амбасады Расеі ва Ўкраіне Ўсеваладам Ласкутовым, падчас якой яму была ўручаная нота пратэсту, паведамляе прэс-служба ведамства, перадае «Корреспондент».
Расейскаму боку выражаная глыбокая занепакоенасць ігнараваннем зваротаў МЗС Украіны адносна недапушчальнасці, у парушэнне адпаведнай пастановы Кабінета міністраў Украіны, правядзення стрэляніны і руху ваеннай тэхнікі, падчас святкавання Дня Ваенна-марскога Флота Расейскай Федэрацыі 27 ліпеня ў Севастопалі.
Адзначалася, што ў адпаведнасці з арт. 6 Дамовы паміж Украінай і Расейскай Федэрацыяй аб статуце і ўмовах знаходжання Чарнаморскага флота РФ на тэрыторыі Ўкраіны ад 28 мая 1997 года, расейскі бок прыняў на сябе абавязанне паважаць суверэнітэт Украіны і выконваць яе заканадаўства.
Расійскі бок заклікана няўхільна прытрымлівацца ўзятых на сябе абавязальніцтвы у адпаведнасці з міждзяржаўнымі дамовамі.
Пры гэтым адзначалася, што грубае парушэнне расейскім бокам заканадаўства Ўкраіны будзе ў будучыні ўлічанае ўкраінскім бокам пры адзнацы намераў Чарнаморскага флота Расейскай Федэрацыі праводзіць падобныя мерапрыемствы на тэрыторыі ўкраінскай дзяржавы.
Як паведамлялася, несанкцыянаваную артылерыйскую стрэляніну і стрэляніну з аўтаматычнай зброі здзейснілі караблі Чарнаморскага флота Расейскай Федэрацыі ў Севастопалі падчас святкавання Дня Ваенна-марскога флота РФ.