За паўгады з Беларусі было дэпартавана больш за 1.000 замежнікаў
- 29.07.2008, 15:44
Больш за 1000 замежных грамадзян было дэпартавана з тэрыторыі Беларусі за студзень-чэрвень 2008 года.
Аб гэтым паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Менску начальнік аддзела па міграцыі Дэпартамента па грамадзянскай міграцыі міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Сяргей Герасімаў, перадае «Інтэрфакс».
"За парушэнне беларускага заканадаўства за шэсць месяцаў 2008 года з Беларусі было дэпартавана больш за 1000 замежных грамадзян, з якіх 435 пад канвоем", - паведаміў С.Герасімаў. Пры гэтым ён адзначыў, што "было некалькі выпадкаў, калі ў мэтах незаконнай міграцыі ў краіны Еўразвяза замежнікі выкарыстоўваюць навучанне ў беларускіх вну". Пры гэтым С.Герасімаў растлумачыў, што "грамадзяне шэрагу краін - Індыі, Шры-Ланкі, Бангладэша прыязджаюць у Беларусь па запрашэнні вну, вучацца 3-4 дні, а затым раствараюцца ў прымежавых раёнах". "З пяці груп нелегальных мігрантаў, якія былі затрыманыя ў Беларусі за 6 месяцаў бягучага года, тры групы - гэта студэнты-замежнікі, што адвучыліся некалькі дзён у гарадзенскіх вну", - дадаў С.Герасімаў.
Разам з тым ён паведаміў, што памяншаецца лік нелегальных мігрантаў, якія спрабуюць перасекчы мяжу Беларусі ў мэтах пранікнення на тэрыторыю краін Еўразвяза.