На мяжы Беларусі з Украінай -- шматкіламетровыя чэргі
- 30.07.2008, 11:00
У мінулыя выходныя на ўкраінскім пункце пропуску "Новыя Ярылавічы" пашыхтаваліся сотні легкавікоў і грузавікоў. Людзям даводзілася вычэкваць па некалькі гадзінаў...
- Да ўкраінскага пункта пропуску мы прыехалі ў мінулую суботу з рання, - распавядае журналіст "СБ" Сяргей Канашыц, які таксама трапіў у грандыёзны корак. - Думалі, што хутка праскочым. Ат не! Сталі ў хвасце даўжэзнай чаргі з машынаў, якая штохвілю толькі павялічвалася. Плыня рухалася вельмі павольна. Як той казаў, што мокрае гарыць. Стаялі ў корку і беларусы, і расейцы, збольшага - адпускнікі з Крыму. Многія з маленькімі дзецьмі былі вымушаны аблівацца потам у распаленых на сонцы машынах. Перакрочыць украінскую мяжу здолелі толькі праз шэсць гадзінаў...
У чым рэч? Адзінкавы выпадак, збег абставінаў ці тэндэнцыя? Многія ж яшчэ збіраюцца ехаць у Крым - наперадзе пік сезону. А шлях праз "Новую Гуту" (наш пункт пропуску) і "Новыя Ярылавічы" - наўпросты, таму папулярны. Быць можа, варта шукаць кольныя шляхі?
- Цяперашным летам напруга на гэтым пункце пропуску назіраецца кожныя выходныя, - распавядае дарадца амбасады Беларусі ў Кіеве па консульскіх пытаннях Уладзімір Аўтух. - Людзей, якія едуць ва Украіну і назад, стала значна болей, таму і чэргі. "Новыя Ярылавічы" і "Новая Гута" працуюць з двух-, трохразавай перагрузкай. Наш пункт пропуску нядаўна рэканструявалі, там больш палосаў, яго прапускная здольнасць у паўтары разы вышэй. Заторы звычайна ствараюцца каля ўкраінскай мяжы. Што параіць адпускнікам? Скарыстацца іншымі маршрутамі, загадзя пацікавіцца ў Дзяржаўнай памежнай службе Украіны загружанасцю пунктаў пропуску.