BE RU EN

Правакацыя за правакацыяй…

  • 31.07.2008, 12:40

Чарговую правакацыю адносна прэтэндэнткі ў кандыдаты па "адзінаму спісу" дэмакратычных партыяў Ірыны Вештард зафіксавалі журналісты.

За біццём вокнаў і з'яўленнем нумара мабільнага тэлефона на сайце інтымных паслугаў услед рушыла сурёзнейшая правакацыя: з'яўленне фальшыўкі ад імя прэтэндэнткі з просьбай перасылаць па 10 тысяч рублёў нібыта на правядзенне кампаніі, паведамляе газета "Товарищ".

Ірына Вештард вылучаецца па Смургоньскай выбарчай акрузе - тут жа вылучаецца і цяперашняя дэпутатка "палаты прадстаўнікоў", першы сакратар ЦК Камуністычнай партыі Беларусі Таццяна Голубева.

Цяпер па Смургонях "ходзяць" улёткі ад імя Алеся Дзергачова, у якіх змешчана просьба пералічыць 10 тысяч рублёў (якая драбяза!) на правядзенне кампаніі Ірыны Вештард.

А.Дзергачоў - чалец ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за вылучэнне ў кандыдаты Ірыны Вештард. Такую ўлётку праваабаронца знайшоў ва ўласнай паштовай скрыні. Пад тэкстам улёткі - тэлефон і адрас А.Дзергачова.

Толькі на працягу апошняга тыдня Ірына Вештард сталася аб'ектам тузіна правакацый: дзверы папэцкалі чорнай фарбай; зламалі замок; пабілі ў кватэры вокны; змясцілі нумар мабільнага на сайце інтым-паслугаў. Распаўсюдзілі па Смургонях улёткі з заклікам перасылаць па 5 тысяч рублёў на кампанію, цяпер - ужо па 10 тысяч.

Ірына Вештард звярнулася з пералікам усіх гэтых абуральных фактаў у пракуратуру і акруговую выбарчую камісію. Вынікаў пакуль няма.

Апошнія навіны