Подпісы за кандыдатаў ад улады збіраюць па загаду ідэалагаў
- 31.07.2008, 13:56
Па загаду ідэалагічнага аддзела Баранавіцкага гарвыканкама ў школы горада Баранавічы была накіравана тэлефанаграма з прапановай накіраваць па пяць чалавек ад кожнай школы з мэтай збору подпісаў за прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты “палаты прадстаўнікоў”.
25 ліпеня ў Баранавічах у актавай зале клуба будаўнікоў Будтрэста № 25 (аб чым і расказалі настаўнікі) адбылася нарада гэтых настаўнікаў. Нараду праводзіў загадчык аддзела арганізацыйна-кадравай работы Баранавіцкага гарвыканкама Алег Аляксандравіч Савось. Алег Савось загадаў прысутным актыўна зьбіраць подпісы за прэтэндэнта ў кандыдаты ад ўлады. Самога прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 - Анатоля Ваньковіча, па сумяшчальніцтву – начальніка штаба войскаў супрацьпаветранай абароны Беларусі, генерал-маёра, на гэтай нарадзе не было. Анатоль Ваньковіч з’яўляецца дзеючым дэпутатам “палаты прадстаўнікоў”, які балатуецца на гэтую пасаду другі раз. Ініцыятыўная група па збору подпісаў зацьверджана была 24 ліпеня, паведамляе праваабарончы цэнтр “Вясна”.
Як стала вядома, назіральнік акруговай камісіі па Баранавіцкай-Заходняй выбарчай акрузе № 5 Віктар Сырыца накіраваў заяву старшыні акруговай выбарчай камісіі Аляксандру Іванавічу Русенчыку з мэтай праверкі гэтых фактаў і прыняцця адпаведнага рашэньня.