BE RU EN

Бесцырымоннасць у абыходжанні са свабодай

  • 31.07.2008, 14:52

Капітуляцыя МАК перад кітайскай цэнзурай у Інтэрнэце – гэтае бессаромнае зневажанне свабоды слова. Тым самым МАК становіцца саўдзельнікам Пекіна, піша нямецкая «Suddeutsche Zeitung».

Кітай і Міжнародны алімпійскі камітэт (МАК) сумеснымі высілкамі месяцамі вадзілі грамадскасць за нос. Яны ўвесь час абяцалі свабоду асвятлення падзей падчас пекінскіх Гульняў. Але свабоды не будзе.

У інтэрв'ю газеце, якая выдаецца ў Ганконгу, старшыня камісіі МАК па прэсе Кевін Госпер заявіў, што ён і ягоная арганізацыя аказаліся "бяссільнымі". Бо Кітай, сказаў ён, застаецца камуністычнай краінай і ёй немагчыма ўказаць, падвяргаць Інтэрнэт цэнзуры або не.

Падобны паварот перад самым пачаткам Алімпіяды – гэта нахабства. Бо той жа самы Кевін Госпер, а таксама прэзідэнт МАК Жак Рагге яшчэ ў гэтым месяцы публічна сцвярджалі, што асвятленне летніх Гульняў у Пекіне будзе свабодным. У якасці прыкладу яны з зайздросным пастаянствам называлі "не падвяргаемы цэнзуры доступ" да Інтэрнэту.

Кітай блакуе не толькі сайты такіх праваабарончых арганізацый, як Amnesty International, але і крытычныя сродкі масавай інфармацыі розных краін, а таксама шматлікія сайты, якія не застаюцца абыякавымі да такіх тэм, як Тыбет, Тайвань або бойня на плошчы Цяньаньмэнь. Раптоўная змена танальнасці Алімпійскага камітэта дазваляе выказаць здагадку, што змова па гэтым пытанні паміж МАК і кітайскай дыктатурай існуе ўжо даўно.

МАК не мог не разумець, што Кітай – гэта няўступлівая дыктатура, слова якой мала што значыць. Калі б камітэт прызнаў гэты факт раней, можна было б падумаць над адмовай ад шматмільярдных здзелак з Кітаем.

Зараз ужо відавочна, што Кітай крывадушнічаў, абяцаючы свабоднае асвятленне Алімпійскіх гульняў. Пад словам "свабоднае" кітайцы разумелі непадцэнзурны рэпартаж аб бегу на стомятровую дыстанцыю.

Пры гэтым яны выдатна ўсведамлялі, што "свабода" для заходніх сродкаў масавай інфармацыі – гэта палітычна свабоднае асвятленне ўсіх падзей, звязаных з Алімпіядай, гэта значыць свабоднае журналісцкае расследаванне, гутаркі з крытыкамі рэжыму, магчыма, нават паездкі ў Тыбет. Аднак Кітай зусім не намерваўся трымаць сваё слова. Для сусветнай прэсы дастаткова таго, што дастаткова для Кітая, лічыць Пекін, і зараз гэтая пазіцыя атрымала ўхваленне з боку МАК.

Апошнія навіны