BE RU EN

Усе прэтэндэнты на пост трэнера «Дынама» -- амерыканцы

  • 31.07.2008, 17:09

Новы галоўны трэнер хакейнага клуба "Дынама" (Менск) можа быць прызначаны 31 ліпеня або да вечара 1 жнівеня.

Аб гэтым у гутарцы з журналістамі 31 ліпеня, адказваючы на пытанне БелаПАН, паведаміў кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі міністр унутраных спраў Уладзімір Навумаў.

Нагадаем, паўночнаамерыканскі спецыяліст Пол Гарднер, які прапрацаваў з камандай менш месяцу і не правёў з ёй ні аднаго матчу, на гэтым тыдні нечакана быў адпраўлены ў адстаўку. Часова абавязкі галоўнага трэнера "Дынама", якому ў верасні стартаваць у Кантынентальнай хакейнай лізе, выконвае Ўладзімір Цыплакоў.

Па словах У.Навумава, "на дадзеную хвіліну" ёсць тры прэтэндэнты на пост галоўнага трэнера менскай каманды. Двое з іх ужо працавалі з федэрацыяй, "былі ў Менску, абмяркоўвалі гэтыя пытанні, яны гатовыя ізноў абмяркоўваць свае кандыдатуры", сказаў кіраўнік Федэрацыі хакея Беларусі. Гэта Джон Пэддак і Ўэйн Флемінг. Яшчэ адзін прэтэндэнт, прозвішча якога Ў.Навумаў назваць не змог. Усе прэтэндэнты — паўночнаамерыканцы.

Уладзімір Навумаў удакладніў, што падчас папярэдніх кантактаў з Дж.Пэддакам і Ў.Флемінгам не атрымалася знайсці разумення "чыста з эканамічнага пункта гледжання". "І цяпер яны самі, як толькі ў нас адбылося гэта (адстаўка П.Гарднера. — БелаПАН.), прапанавалі свае кандыдатуры. Але ў нас ёсць кандыдатура памочніка нейкага галоўнага трэнера НХЛ, і я ведаю, што сёння па гэтай кандыдатуры мы вызначымся і потым вернемся да гэтых", — сказаў старшыня беларускай федэрацыі.

Апошнія навіны