Вінцук Вячорка: «Выбары» ўжо ня могуць быць ні свабоднымі, ні сумленнымі
- 8.07.2008, 8:50
Ужо зараз можна з упэўненасьцю казаць, што “выбары” ў “палату прадстаўнікоў” не адпавядаюць агульнаеўрапейскім стандартам, і не могуць быць прызнаныя ні сабоднымі, ні сумленнымі, заявіў учора прэс-канферэнцыі ў Менску першы намеснік старшыні Партыі БНФ Вінцук Вячорка.
“Тое, што пачынаецца, на жаль, сёння вымушае нас гаварыць пра недэмакратычнасць кантэксту, у якім адбываецца выбарчая кампанія”, - цытуе Вячорку “Радыё Свабода”.
На прэсавай канферэнцыі дэмакратычныя лідэры прывялі канкрэтныя прыклады палітычных рэпрэсіяў супраць актывістаў, якія балатуюцца ў “парламент” ад адзінага спісу апазіцыі. Прыкладам, двое кандыдатаў ад Партыі БНФ – Аляксандр Мех і Лявон Аўтухоў – ужо засталіся без працы. Мясцовыя чыноўнікі абяцаюць, што бліжэйшым часам звольняць і іхніх сваякоў.
У Аб’яднанай грамадзянскай партыі пацярпелі 6 чалавек. Святлана Панамарова, якая павінна была вылучацца ў Нясвіжы, адмовілася ад удзелу ў палітычнай кампаніі пасля таго, як яе папярэдзілі пра магчымае звальненне.
Назіральнік ад партыі ў Цэнтрвыбаркаме Міхась Пашкевіч быў затрыманы міліцыяй, а пазней атрымаў 7 сутак арышту за дробнае хуліганства. Яшчэ на некалькіх сябраў АГП ціснуць праз падатковыя інспекцыі. Таму высновы, якія зрабіў Вінцук Вячорка падчас прэс-канферэнцыі не вельмі суцяшальныя для ўладаў.
“Ужо сёння ёсць усе падставы заяўляць, што выбарчая кампанія, якую плануюць улады не можа быць прызнанай свабоднай і справядлівай і адпаведнай самым мінімальным крытэрам АБСЕ”, - упэўнены апазыцыйны палітык.
На меркаваньне ўсіх лідэраў апазыцыі, гэта толькі пачатак палітычных рэпрэсій.