«Рэпарцёры без межаў» заклікаюць Лукашэнку адхіліць новы закон аб СМІ
- 8.07.2008, 10:39
Міжнародная медыя-арганізацыя «Рэпарцёры без межаў» яшчэ раз агучыла сваю заклапочанасць з нагоды прыняцця новага закона «Аб СМІ» ў Беларусі, які, каб набыць моц, мусіць быць падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам.
«Мы зноў заяўляем аб нашай заклапочанасці з нагоды пагаршэння сітуацыі са свабодай прэсы ў Беларусі. Мы заклікаем Аляксандра Лукашэнку адхіліць гэты закон, які павялічыць і без таго вялікі ціск на прэсу ў Беларусі», — цытуе заяву міжнароднай арганізацыі прэс-служба Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
24 чэрвеня «Рэпарцёры без межаў» накіравала лісты на імя Лукашэнкі і Савета Міністраў Беларусі, у якіх выказала свае апасенні з нагоды прыняцця новага Закона «Аб СМІ» “нацыянальным сходам” Рэспублікі Беларусь.
Нагадаем, законапраект аб СМІ быў прыняты беларускім «парламентам» у рэкордна кароткія тэрміны. 17 чэрвеня ніжняя «палата» прыняла яго ў першым чытанні, 24 чэрвеня — у другім; 28 чэрвеня законапраект быў ухвалены верхняй «палатай». Зараз дакумент павінен падпісаць Лукашэнка. Новы закон уступіць у сілу праз шэсць месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання.
У выпадку прыняцця гэтага дакумента ў цяперашняй рэдакцыі па незалежных сродках масавай інфармацыі будзе нанесены непапраўны ўдар, лічаць у Беларускай асацыяцыі журналістаў (БАЖ).
Найбольшую заклапочанасць у незалежнай журналісцкай супольнасці выклікае той факт, што ўлады змогуць блакаваць усе інтэрнэт-СМІ, не зарэгістраваныя ў Беларусі ў якасці сродку масавай інфармацыі.
Паводле праекту закона аб СМІ, пералік парушэнняў, за якія можна вынесці папярэджанне ў адрас рэдакцый, размыты і неабмежаваны, а прыпыніць выданне друкаванага СМІ можна нават за адно папярэджанне. Пры гэтым выносіць папярэджанні зможа суддзя, пракурор або чыноўнік любога райцэнтра.