Стан траіх пацярпелых пры выбуху ў Менску застаецца цяжкім
- 8.07.2008, 13:06
Стан траіх грамадзянаў, якія найбольш пацярпелі пры выбуху ў Менску ў ноч на 4 ліпеня, па-ранейшаму застаецца цяжкім, але стабільным.
Аб гэтым БелаПАН паведаміла прэс-сакратар Міністэрства аховы здароўя Беларусі Вольга Шульпіна. Па ейных словах, цяпер у лячэбных установах застаюцца 39 чалавек.
У прыватнасці, у сталічнай лякарні хуткай медыцынскай дапамогі знаходзяцца трое пацярпелых, ў 2-й лякарні — адзін, у 4-й — тры, у 6-й — 22, у 9-й — адзін, у Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры траўматалогіі і артапедыі — шэсць, у 432-м Галоўным вайсковым клінічным медыцынскім цэнтры — адзін, шпіталі МУС — адзін і ў Віцебскай абласной лякарні — адзін пацярпелы.
Выбух самаробнай выбухной прылады, начыненай балтамі і гайкамі, адбыўся на скрыжаванні праспектаў Машэрава і Пераможцаў 4 ліпеня каля 00.30. На канцэрце, па афіцыйных дадзеных, прысутнічала каля паўмільёна чалавек. За медыцынскай дапамогай, па інфармацыі Мінздара, звярнуліся 54 чалавекі. 47 з іх, у тым ліку двое дзяцей, былі шпіталяваныя.