Беларуская мытня арыштавала партыю эксклюзіўнага тавара на мільярд рублёў
- 8.07.2008, 13:11
На памежпераходзе "Берастовіца-2" беларускія мытнікі затрымалі аўтамабіль "ДАФ" з расейскімі нумарамі, які рухаўся з Польшчы. У ім перавозіліся эксклюзіўная мужчынская і жаночая вопратка, абутак, сумкі, біжутэрыя.
Пасля дбайнага надгляду ў кузаве, акрамя заяўленых у дакументах тавараў, была выяўленая вялікая колькасць няўлічаных модных дарагіх рэчаў мужчынскага і жаночага гардэроба.
«Калі падлічылі кантрабандны тавар, то нямала здзівіліся: незаконна перавозілася 3.000 адзінак адзежы і абутку на агульную суму каля мільярда беларускіх рублёў, — каментуе сітуацыю ў інтэрв'ю «Советской Белоруссии» начальнік Гарадзенскай рэгіянальнай мытні Юрйы Сянько. — Гэтае найбуйнейшае затрыманне грузу на беларуска-польскай мяжы за апошнія гады».
Пры гэтым кіроўца грузавіка і фірма-перавозчык адмаўлялі сваё дачыненне да гэтага НП.