BE RU EN

Прычынай спынення Лукомльскай ГРЭС стала сапсаваная мікрасхема

  • 8.07.2008, 14:57

Прычынай спынення ўсіх энергаблокаў Лукомльскай ГРЭС (Навалукомль) стаў выхад з ладу мікрасхемы, якая забяспечвае працу станцыі па ўсім ланцужку, паведаміў сёння ў Менску міністр энергетыкі Беларусі Аляксандр Азярэц.

Ён растлумачыў, што менавіта гэта стала прычынай таго, што аварыя на 8-м блоку не была лакалізаваная, а прывяла да адключэння ўсіх блокаў, паведамляе «Інтэрфакс».

"Зараз станцыя будзе абсталяваная яшчэ адной ступенню абароны - дадатковым датчыкам, які дазволіць аператыўна фіксаваць найменшыя адхіленні ад нормы", сказаў міністр.

А.Азярэц перакананы, што "такога больш не паўторыцца ні на Лукомльскай ГРЭС, ні на любой іншай станцыі".

Нагадаем, 25-га чэрвеня ў 9:08 на самой буйной электрастанцыі краіны Лукомльскай ГРЭС з-за збою працы высакавольтнага выключальніка адключыўся 8-ы блок, а праз 8 хвілін адначасова адключыліся астатнія 7. Некаторы час неабходная колькасць энергіі папаўнялася за кошт ператоку з суседніх краінаў, але з-за ягонага скарачэння з боку краін Балтыі ў 10:15 было прынятае рашэнне аб адключэнні спажыўцоў з мэтай пазбягання сур'ёзнай аварыі ў беларускай энергасістэме.

У выніку без святла засталося амаль паўкраіны, у тым ліку некаторыя раёны Менска.

Першы блок Лукомльскай ГРЭС (уваходзіць у ПА "Віцебскэнерга") быў уведзены ў эксплуатацыю ў 1969 годзе, восьмы (апошні) - у 1974 годзе.

Усталяваная магутнасць станцыі перавышае 2,4 тыс. МВт, што складае больш за 30% ад усталяванай магутнасці ўсёй энергасістэмы. У момант адключэння станцыя выпрацоўвала каля 55% электраэнергіі ў Беларусі.

Апошнія навіны