Дэпутат Бундэстага: Для прызнання «выбараў» свабоднымі нядосыць траплення ў «парламент» некалькіх апазіцыянераў
- 9.07.2008, 10:34
Пры адзнацы «парламенцкіх выбараў» у Беларусі еўраструктуры будуць надаваць увагу ў першую чаргу ходу ўсёй перадвыбарнай кампаніі, а не толькі галасаванню ў дзень «выбараў», заявіў у Менску намстаршыні Камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамогі Бундэстага Хольгер Хайбах.
"Нашыя падыходы да адзнакі выбараў не азначаюць, што мы будзем здавольвацца вынікам, што па нейкай прычыне некалькі прадстаўнікоў апазіцыі апынецца ў «парламенце»", - заявіў у Менску падчас сустрэч з прадстаўнікамі беларускага «парламента» намстаршыні Камітэта па правах чалавека і гуманітарнай дапамогі Бундэстага Хольгер Хайбах.
Нямецкі парламентарый падкрэсліў, што гаворка ідзе аб празрыстасці і дэмакратычнасці ўсяго выбарчага працэсу. У прыватнасці, ён заўважыў, што ў дадзены момант у Беларусі ідзе дыскусія аб фармаванні выбарчых камісій. "Апазіцыя павінная быць улічаная пры фармаванні выбарчых камісій, гэта лепшы шлях забяспечыць празрыстасць выбараў", - заявіў Х.Хайбах.
Старшыня нямецкай парламенцкай дэлегацыі таксама падкрэсліў, што беларускія «парламенцкія выбары» могуць стаць "базай для дыялогу", але толькі ў выпадку, калі яны сапраўды будуць свабоднымі, а іх вынікі цалкам празрыстымі.