BE RU EN

Ці магчымы трыбунал над беларускімі палітычнымі злачынцамі?

  • 1.08.2008, 9:37

Праваабаронцы заяўляюць, што асаблівая ўвага беларускага трыбуналу будзе звернута на міліцыянтаў і суддзяў, якія масава садзяць пад арышт палітычных актывістаў, а таксама на службоўцаў, якія аддавалі загады фальшаваць вынікі выбараў.

З нагоды пачатку судовага працэсу ў Міжнародным крымінальным трыбунале па справах былой Югаславіі ў Гаазе над былым лідэрам баснійскіх сербаў Радаванам Караджычам праваабаронца Валянцін Стэфановіч зазначыў у інтэрв'ю "Еўрарадыё", што магчымасць правядзення такога трыбунала над беларускімі палітычнымі злачынцамі не высветленая.

Праваабаронца перакананы, што, перадусім, трэба спадзявацца на нацыянальную юрыдычную сістэму.

У апошні дзень ліпеня ў Гаазе пачаўся суд над Радаванам Караджычам, і ў той самы дзень Польшча судзіць генерала Войцаха Ярузэльскага, якога вінавацяць у расстрэле пратэстаў працоўных і ўвядзенні ваеннага становішча ў 1980-х. Цяперашняга беларускага кіраўніка і выбудаваную ім сістэму вінавацяць ва ўзурпацыі ўлады, палітычным перавароце ў 1996 г., выкарыстанні судовай сістэмы і сілавых структураў для арганізацыі масавых рэпрэсіяў, падазраюць у арганізацыі палітычна матываваных знікненняў людзей і пазасудовых пакараннях смерцю. Ці чакае міжнародны трыбунал беларускіх чыноўніках, якія ўчынілі палітычныя злачынствы?

З такім пытаннем "Еўрарадыё" звярнулася да праваабаронца, юрыста Валянціна Стэфановіча.

-- Гаагскі трыбунал быў створаны акурат па злачынствах вайскоўцаў у былой Югаславіі. Такі ж суд быў створаны для Руанды. Што да Беларусі, існуе прынцып міжнароднай юрысдыкцыі. Ён датычыць асобных краінаў. Напрыклад, Бельгія мела права заводзіць крымінальныя справы незалежна ад таго, дзе яны і кім яны здзейсненыя. Такі прынцып існуе і ў Нямеччыне, але там ёсць нейкія складаныя юрыдычныя працэдуры. Мы спрабавалі гэтае пытанне высветліць праз Міжнародную Хельсінскую федэрацыю, але пакуль не атрымалася. Мяркую, мы павінны казаць пра нацыянальную юрыдычную сістэму, якая пасля мусіць, па-першае, разгледзець пытанні палітычна матываваных знікненняў і несудовых пакаранняў смерцю. Гэта трапляе пад артыкул, у якім, паводле міжнароднага заканадаўства, няма тэрміна даўніны. Прынамсі, мы маем досвед Польшчы і ГДР. У Польшчы былі асуджаныя паліцыянты, якія расстралялі працоўны страйк у шахце.

Валянцін Стэфановіч нагадаў, што нацыянальнымі судамі былі асуджаныя функцыянеры рэжыму Піначэта ў Чылі і дыктатара Перу Фухіморы. Ён нагадаў, што асаблівая ўвага беларускага трыбунала будзе звернута на міліцыянтаў і суддзяў, якія паводле сфальшаваных пратаколаў масава садзяць пад арышт палітычных і грамадскіх актывістаў, а таксама на службоўцаў, якія аддавалі загады фальшаваць вынікі выбараў.

У 2006 г. палітычная рада дэмакратычных сілаў Беларусі падтрымала ініцыятыву "Аб стварэнні грамадскага судовага трыбунала ў справе разгляду злачынстваў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі". Ініцыятары заручыліся падтрымкай прэзідэнта Літвы Валдаса Адамкуса. Меркаваўся ўдзел міжнародных праваабарончых арганізацый "Amnestу International" і "Human Rights Watch". Са словаў Анатоля Лябедзькі, літоўскія дэпутаты выказвалі прапанову перавесці дзейнасць суду ў кампетэнцыю Рады Еўропы. Анатоль Лябедзька не выключаў, што матэрыялаў суду можа хапіць для разгляду ў міжнародным трыбунале. Сёння Лябедзька ў інтэрв'ю "Еўрарадыё" сказаў, што ідэя з міжнародным судом застаецца актуальнай.

"Палітычны момант цяпер неспрыяльны: АБСЕ, ПАРЕ, іншыя міжнародныя структуры спадзяюцца на лібералізацыю рэжыму, на тое, што ў Беларусі нешта зменіцца з выбарамі. Хутка высветліцца, што гэта ілюзія, і ідэя грамадскага ці міжнароднага трыбуналу зноў набудзе актуальнасць", - лічыць Лябедзька.

Сённяшняга кіраўніка Беларусі з групай асобаў вінавацяць у арганізацыі дзяржаўнага перавароту ў мэтах захопу ўлады ў 1996 г. і арганізацыі палітычных знікненняў і забойстваў. "А на такія справы тэрміна даўніны няма", - зазначаюць юрысты.

Даведка:

Пасля сыходу дыктатараў або аўтарытарных лідэраў з палітычнай сцэны лёс іх паплечнікаў і памагатых складаецца па-рознаму. Камусьці атрымліваецца ўнікнуць адказнасці, іншыя трапляюць пад суд. Вось некалькі характэрных прыкладаў за апошні год.

2007 год

У Багдадзе былі асуджаныя і пакараныя смерцю былыя паплечнікі Садама Хусэйна: былы віцэ-прэзідэнт Ірака Таха Ясін Рамадан, былы старшыня найвышэйшага рэвалюцыйнага трыбунала Ірака Авад Бандор і зводны брат Садама Хусэйна Барзан Ібрагім ат-Цікрыці.

2007 год

Паліцыя Камбоджы зарыштавала гэтак званага "Гебельса Пола Пота" Нуон Чэа, які ў гады кіравання "чырвоных кхмераў" узначальваў ідэалагічны аддзел Камуністычнай партыі Камбоджы. Міжнародны трыбунал у справе злачынстваў у Камбоджы завінаваціў яго ў генацыдзе, забойствах і катаваннях. Раней, у тым жа годзе Міжнародны трыбунал прызнаў іншага паплечніка Пола Пота, былога начальніка палітычнай турмы "чырвоных кхмераў" Гуека Кангу вінаватым у злачынствах супраць людскасці.

2008 год

Вайсковы трыбунал Спецыяльнага суду для С’ера-Леонэ ў Гаазе распачаў працэс над былым дыктатарам гэтай краіны Чарльзам Тэйларам. Сярод сведкаў і абвінавачаных - былы памагаты Тэйлара Джозаф Марзах, які на загад дыктатара забіваў палітычных канкурэнтаў.

2008 год

У траўні скончыўся 13-гадовы судовы працэс над экс-дыктатарам Эфіёпіі Менгісту Хайле Марыямам і 18 яго паплечнікамі. Усім ім вынесены смяротны прысуд. Яшчэ 58 былых чыноўнікаў атрымалі розныя тэрміны зняволення.

2008 год

Вярхоўны суд Чылі завёў крымінальныя справы супраць 98 супрацоўнікаў таемнай паліцыі часоў кіравання Піначэта. Чакаецца, што судовы працэс адкрые праўду пра аперацыю "Каломба", праведзеную таемнай паліцыяй у 1975 годзе. У выніку яе зніклі без весткі 120 супернікаў дыктатуры. Ваенная хунта сцвярджала, што гэтыя людзі пакінулі краіну або загінулі ў сутыкненнях з крымінальнымі групоўкамі.

Апошнія навіны