Да пацярпелых ад выбуху таксама прыходзяць з ператрусамі
- 11.08.2008, 13:46
Пацярпелы ад тэрарыстычнага акту ў ноч з 3 на 4 ліпеня 24-гадовы жыхар Кобрына выпісаўся з лякарні і вярнуўся дадому. Пакуль хлопец ляжаў у лякарні, у ягонай хаце праводзілі ператрус.
Падчас аперацыі з цела Рамана Зуева былі вынятыя дзве гайкі ад самаробнай выбухной прылады. Займацца ранейшай працай хлопец ужо не зможа. Працаваў ён у адной са сталічных фірмаў, вырабляльных будаўнічыя блокі. Зараз жа цяжкая фізічная нагрузка маладому чалавеку супрацьпаказаная.
- Я пакуль што на бюлетэні, - распавёў Раман Зуеў «Вячэрняму Брэсту». - Набіраюся сіл, адпачываю. Самаадчуванне лепш, але з голасам яшчэ праблемы - ціха вельмі кажу. Назіраюць за мной кобрынскія медыкі, і ў хірурга бываю, і да ўчастковага тэрапеўту хаджу. Аб тым, чым пэўна займуся пасля акрыяння, калі сапраўды, не думаў. Лекары папярэдзілі: трэба пераходзіць на лёгкую працу. Калі ў фірме, дзе я працаваў, знойдзецца такая, мусіць, вярнуся ў сталіцу…
Падзеі ля стэлы «Менск - горад-герой» ён памятае адрывіста. Як падаў сам пасля выбуху, як неслі яго на насілках да машыны «хуткай дапамогі», як везлі ў лякарню. Што адбывалася вакол, можа, і бачыў, але не ўчапілася ў памяці. Прыяцель Ігар, з якім прыйшлі на святочны канцэрт, таксама патрапіў у лякарню. У яго раздробненая нага. «Яго яшчэ не выпісалі. Сам са мной звязаўся нядаўна, я ўжо дома быў», - распавядае Раман.
Дагэтуль з міліцыі не вярнулі вопратку, у якой хлопец быў у тую злапомную ноч, і мабільны тэлефон. «Магчыма, яшчэ правяраюць… Пацярпелы або не - якая розніца. Усякае можа быць, так? – кажа Раман Зуеў. - І дадому прыходзілі супрацоўнікі праваахоўных органаў з ператрусам - да бацькоў і да цёткі, у якой я ў Менску жыў. Усе мы спадзяемся на тое, што будуць знойдзеныя вінаватыя ў ліпеньскай трагедыі…».