За акцыю салідарнасці з Грузіяй у Менску арыштоўваюць на 10 сутак (Відэа, фота)
- 12.08.2008, 11:47
Актывістка міжнароднага грамадзкага аб'яднання «Малады Фронт» Людміла Атакулава асуджаная на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі каля амбасады Расеі 11 жніўня.
Такую пастанову прыняў 12 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску. Атакулаву абвінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Як паведаміла актывістка «Маладога Фронту» Тацьцяна Шапуцька, «суд праходзіў фактычна ў закрытым рэжыме». «Нам не паведамілі, што суд пачаўся. На працэсе не было нашых сведкаў, не паспеў прыехаць адвакат. Мы ўбачылі Людмілу толькі тады, калі яе выводзілі з будынку суду. Яна паспела крыкнуць нам, што ёй далі 10 сутак», — распавяла Шапуцька.
Акцыю ў падтрымку Грузіі актывісты арганізацыі «Малады Фронт» праводзілі ля амбасады Расеі ў Менску 11 жніўня. 15 актывістаў арганізацыі дашлі да пасольства з плякатамі «Спыніць агрэсыю», «Расея-Грузія: вайна ў міратворчых мэтах?», «Адна шостая частка сушы – няўжо гэтага мала?»
Удзельнікі акцыі паспелі перадаць петыцыю супрацоўнікам амбасады. Усяго пікет доўжыўся каля 10 хвілін. Затым прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Былі затрыманымі Ян і Ільля Шылы, Андрэй Тычына і Людвіся Атакулава. Затрымлівалі актывістаў брутальна – міліцыянеры былі ўзброенымі аўтаматамі, актывістам заломлівалі рукі. У знак пратэсту яны селі на зямлю. У выніку ў міліцэйскія машыны затрыманых заосілі на руках. Актывістаў «Маладога Фронту» даставілі ў Цэнтральны РУУС Менску.