Гарэлка падаражэла другі раз за месяц
- 12.08.2008, 15:10
У Беларусі з 12 жніўня адпускныя кошты на спірт этылавы харчовы падвышаныя на 6%, а рознічныя кошты на гарэлку - на 4%.
Адпаведнае рашэнне змяшчаецца ў пастанове Міністэрства эканомікі №158 "Аб коштах на алкагольную прадукцыю", паведамілі карэспандэнту БелТА у прэс-службе Мінэканомікі.
Да прыкладу, рознічны кошт на гарэлку "Крышталь Класічная", "Кляновая", "Белая Русь срэбная" складзе Br6 тыс. 420 за бутэльку ёмістасцю 0,5 л без кошту посуду.
"Рашэнне аб павелічэнні коштаў прынятае па прапанове канцэрнаў "Белдзяржхарчпрам" і "Белбіяфарм" у мэтах кампенсавання росту кошту акцыза і падаражэнні збожжа", - растлумачылі ў Мінэканомікі.
У папярэдні раз адпускныя кошты на спірт этылавы харчовы і рознічныя кошты на гарэлку падвышаліся з 11 ліпеня 2008 года на 10% і 4% адпаведна.