МУС мяркуе ўвесці «карту беларуса»
- 12.08.2008, 16:58
Беларускія ўлады мяркуюць увесці "Карту беларуса". Аб гэтым паведаміў першы намеснік начальніка дэпартамента па грамадзянстве і міграцыі Міністэрствы ўнутраных спраў Аляксей Бягун 12 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Менску.
Па ягоных словах, такую карту будуць выдаваць тым асобам, якія маюць "гістарычнае мінулае", звязанае з Беларуссю, а таксама актыўна супрацоўнічаюць з краінай, прычым ва ўсіх сферах.
Ужо падрыхтаваны і ўзгоднены з большасцю зацікаўленых структур праект закона аб суайчынніках, якія пражываюць за мяжой. У той жа час канчатковы орган, які зоймецца выдачай "Карты беларуса", пакуль не вызначаны, перадае БелаПАН.
"Гэта адзін з крокаў, які накіраваны на тео, каб Беларусь актыўна працавала з суайчыннікамі, якія пражываюць за мяжой", — адзначыў А.Бягун. Па ягоных словах, увядзенне "Карты беларуса" будзе спрыяць у тым ліку і рашэнню дэмаграфічнай праблемы ў краіне.