BE RU EN

Прафзсаюзам забаранілі праводзіць кампанію па вяртанні ільготаў

  • 13.08.2008, 9:53

19 жніўня ў Маскоўскім судзе Менску пачнецца судовы працэс па пазове Беларускага прафсаюзу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) да Менскага гарвыканкаму.

Сталічныя ўлады, без усякай матывоўкі, забаранілі прафсаюзу правесці 13 ліпеня ў Менску сход ініцыятыўнай групы па зборы 50 тысячаў подпісаў за ўзнаўленне ільготаў на бясплатны праезд для малазабяспечаных пластоў насельніцтва.

Старшыня прафсаюзу РЭП Генадзь Федыніч нагадаў перадгісторыю канфлікту.

26 чэрвеня кіраўніцтва Беларускага прафсаюзу працаўнікоў радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) падаў заяўку ў Менскі гарвыканкам на правядзенне ініцыятыўнай групы грамадзянаў па зборы подпісаў за вяртанне ільготаў на праезд.

Доўгія пошукі памяшкання ў Менску, якія доўжыліся парадку двух тыдняў да падачы заяўкі, скончыліся трыма магчымымі месцамі правядзення сходу. Гэта - Менскі міжнародны адукацыйны цэнтр (IBB), плошча Бангалёр і пляцоўка ў парку 50-годдзі Вялікага Кастрычніка, дзе ёсць сядальныя месцы. «Мы гатовыя правесці сход ініцыятыўнай групы нават пад адкрытым небам. Палац культуры МАЗу - заняты, Палац культуры МТЗ - заняты, Палац культуры танкасуконнага камбінату выстаўлены на продаж. Мы просім у Мінгарвыканкаму дазволіць правесці сход групы колькасцю каля 130 асобаў у трох месцах Менску: у IBB (дамоўленасць ёсць, але трэба ўзгадненне з гарвыканкамам); у парку імя 50-годдзя Вялікага Кастрычніка - там, дзе ёсць сядальныя месцы; і трэці, цалкам для нас непрымальны, - плошча Бангалор», - казаў раней Генадзь Федыніч.

Ініцыятыўнай групе, у выпадку рэгістрацыі Цэнтрабіркамам, патрэбна на працягу месяца сабраць ня менш за 50 тысячаў подпісаў грамадзянаў за зварот ільготаў на праезд для дзяцей, студэнтаў, ветэранаў. Гэтых ільготаў малазабяспечаныя пласты насельніцтва пазбавіліся пасля прынятага закону ў снежні 2007 году.

Але ўвечар 8 ліпеня заяўнікі сходу атрымалі адказ з Мінгарвыканкаму. Менскі гарвыканкам лічыць, што заяўнікі падалі заяўку з парушэннем заканадаўства аб правядзенні масавых мерапрыемстваў. Не растлумачыўшы заяўнікам, у чым дакладна складаецца парушэнне.

Зараз РЭП спрабуе аднавіць сваю ініцыятыву з дапамогай суда.

Апошнія навіны