У Беларусі могуць увесці поўную забарону на рэкляму алкаголю
- 13.08.2008, 10:41
Сёння Міністэрства аховы здароўя прадставіць у Раду Міністраў праэкт пастановы аб зменах і дадатках у правілы абароту алкагольнай прадукцыі ў Беларусі.
Як заявіў «Ежедневнику» кіраўнік арганізацыі медычнай дапамогі Мінздару Ігар Бурко, пазыцыя медыкаў адносна рэклямы алкаголю і асабліва піва адназначная: ейная забарона цалкам.
Паводле дадзеных Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва, за першыя паўгодкі 2008 году насельніцтва Беларусі зменшылася на 14,5 тыс. чалавек і склала на 1 ліпеня 9,675 млн чалавек. Пры гэтым Мінздар адзначае скарачэнне колькасці памерлых і павелічэнне колькасці народжаных грамадзянаў Беларусі. Так, нараджальнасць павялічылася на 2,3%, а смяротнасць зменшылася на 1,1%. Станоўчыя змены ў дэмаграфічнай сытуацыі адзначае і МУС, паводле дадзеных якога за паўгады з краіны з'ехала4162 чалавекі, а прыехалі 6858.
Станоўчая тэндэнцыя назіраецца па ўсіх кірунках рэалізавальнай у Беларусі Дзяржаўнай праграмы дэмаграфічнай бяспекі. Напрыклад, па сцвярджэнні Мінздару, у 2008 годзе ў Беларусі зафіксаваны рэкордна нізкі ўзровень матчынай смяротнасці - 2,3 на тысячу. Па меркаванні Ігара Бурко, гэты паказчык ставіць Беларусь у адзін шэраг з еўрапейскімі краінамі. Але ёсць праблема, якую міністэрства пакуль не ў сілах вырашыць. Гаворка ідзе аб няўмольным падвышэнні ўзроўню алкагалізацыі насельніцтва, павелічэнні колькасці смерцяў у выніку атручвання алкаголем і няшчасных выпадкаў, звязаных з ужываннем алкаголю. Менавіта таму Мінздар мае намер запатрабаваць ад ураду прыняцця сама кардынальных мераў з тым, каб узяць сытуацыю пад свой кантроль.
«Мы прапаноўваем у праэкце пастановы Рады Міністраў па ўнёску дадаткаў і зменаў у Дзяржаўную праграму прафілактыкі п'янства і алкагалізму цалкам забараніць любую рэкляму алкагольнай прадукцыі, - заявіў Ігар Бурко. - Злоўжыванне півам, якое мы бачым, назіраецца ў асноўным у падлеткаў, у якіх яшчэ фармуецца лад жыцця і стаўленне да алкаголю навогул. А піва - зусім не бяскрыўдны напой. Па высновах спецыялістаў, пры ягоным ўжыванні рызыка захварэць на алкагалізм нават больш высокая, чым калі ад выпадку да выпадку ўжываць моцныя напоі. Таму пазыцыя Мінздару і шэрагу іншых ведамстваў тут адназначная: цалкам забараніць рэкляму ня толькі моцных напояў, але і слабаалкагольных, у тым ліку і піва».
Па словах І.Бурко, супраць гэтай ініцыятывы выступіла толькі Міністэрства гандлю. «Я разумею, што ў нас цяпер ідзе бурнае развіццё піўной галіны, - сказаў І.Бурко, - але гэтую прадукцыю можна накіраваць і на экспарт. Мы ў прынцыпе выступаем не супраць ужывання піва ўвогуле, а менавіта супраць рэклямы, якая адмоўна ўздзейнічае на нашых маладых грамадзянаў, на падлеткаў. Паглядзіце, што дзеецца ў выходныя: на бульварах, у зонах адпачынку сядзіць моладзь, якая, магчыма, яшчэ не дасягнула паўналецця, і актыўна п'е піва».
Акрамя поўнай забароны на рэкляму ўсёй алкагольнай прадукцыі Мінздар таксама мае намер абмежаваць узрост грамадзянаў, якім будзе дазволена прадаваць. Калі цяпер піва і іншыя алкагольныя напоі прадаюцца асобам, што дасягнулі 18 гадоў, то ў праэкце пастановы Саўміну гэтае абмежаванне падвялічанае да 21 году. Дарэчы, па словах І.Бурко, падобныя абмежаванні дзейнічаюць у шматлікіх еўрапейскіх краінах і ў ЗША.