З турмы на Акрэсціна вышлі лідэры «Маладога Фронту» (Фота)
- 15.08.2008, 9:58
З турмы на вуліцы Акрэсціна ў Менску вышлі на волю лідэры арганізацыі «Малады Фронт» Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч. У знак пратэсту супраць арышту лідэры арганізацыі праводзілі ў турме галадоўлю.
Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевіч былі прысуджанымі завочна да 7 суткаў арышту за ўдзел у акцыі 1 траўня, прымеркаванай да ўгодак пашырэння Еўрапейскага Звязу.
7 жніўня ўвечар супрацоўнікі АМАПу, міліцыі і КДБ уварваліся ў штаб-кватэру «Маладога Фронту» на вуліцы Караля ў Менску. Пры гэтым міліцыянеры не прад'яўлялі ордэраў на ператрус, а проста заявілі, што ім паступіў ананімны званок, нібыта ў кватэры знаходзіцца труп. Пры пранікненні міліцыянеры ўзламалі двое ўваходных дзвераў штаб-кватэры. Былі арыштаванымі лідэры арганізацыі Зьміцер Дашкевіч і Артур Фінькевич, а таксама актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павал Кур’яновіч.
Сёння ў турме на Акрэсціна працягвае знаходзіцца актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Павал Кур’яновіч. 8 жніўня ён быў прысуджаным судом Маскоўскага раёну Менску да 15 суткаў арышту. Апазыцыянера, арыштаванага падчас штурму АМАПам офісу арганізацыі «Малады Фронт», асудзілі па ілжывым абвінавачванні ў здзяйсненні «дробнага хуліганства».
Нагадаем, што моладзевыя арганізацыі абвесцілі байкот «парламенцкім выбарам», якія павінныя адбыцца у Беларусі ўвосень гэтага году. З актыўнай кампаніяй па закліку байкатаваць выбары, якія, як ужо сёння відавочна, традыцыйна не будуць вольнымі, і звязваюць праваабаронцы арышты актывістаў.







