Амбасадар Венгрыі: Афіцыйнаму Менску варта пашукаць праблемы ў сябе
- 15.08.2008, 12:16
У адносінах Беларусі з боку Еўразвяза не праводзіцца палітыка падвойных стандартаў, заявіў Надзвычайны і Паўнаважны амбасадар Венгерскай Рэспублікі ў Беларусі Феранц Контра на прэс-канферэнцыі ў пятніцу ў Менску.
"Я бы не сказаў, што ў адносінах Беларусі праводзіцца палітыка падвойных стандартаў. У Еўразвяз уваходзіць досыць шмат краін, і проста не можа быць, што адразу ўсе гэтыя краіны не правы", - лічыць амбасадар. "Няправымі могуць быць адна або тры краіны, але ніяк не ўсё, таму Беларусі варта пашукаць праблемы ў сябе", - адзначыў Ф.Контра.
Па ягоных словах, у некаторых абласцях Венгрыя не можа супрацоўнічаць з афіцыйным Менскам, бо з'яўляецца сябрам Еўразвяза і абавязаная выконваць усе рашэнні гэтай арганізацыі.
Праблемы, па словах амбасадара, агучаныя ўжо даўно і больш за ўсё яны датычацца правоў чалавека ў Беларусі.
Ён адзначыў, што гаворка аб палягчэнні візавага рэжыму для грамадзян Беларусі пакуль не ідзе. Ф.Контра прывёў у прыклад палітыку Ўкраіны і Малдовы ў гэтым стаўленні. "Гэтыя краіны для палягчэння візавага рэжыму для сваіх грамадзян зрабілі першы крок.
Яны проста ўзялі і адмянілі візавы рэжым для грамадзян ЕЗ, а Еўразвяз адразу жа пайшоў ім насустрач", - адзначыў ён. Амбасадар сцвярджае, што для палягчэння візавага рэжыму для грамадзян Беларусі патрэбныя крокі з беларускага боку, напрыклад, ратыфікацыя дамовы аб супрацоўніцтве. "Мяч у цяперашні час на беларускім баку", - адзначыў Ф.Контра.
"Адкрыццё амбасады ў Менску 3 чэрвеня 2008 года паказчык таго, што Венгрыя, у тым ліку і як сябра Еўразвяза, гатовая да развіцця адносін з Беларуссю ва ўсіх сферах", - лічыць Ф.Контра.