BE RU EN

Уладзімір Нісцюк: «Хто дае амбасадару Расеі права так заяўляць?»

  • 15.08.2008, 14:35

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандр Сурыкаў, каментуючы падпісаную Польшчай і ЗША дамову аб размяшчэнні элементаў амерыканскай сістэмы супрацьракетнай абароны на польскай тэрыторыі, зрабіў выснову, што Расея змушаная будзе пайсці на адэкватны крок.

У прыватнасці, дыпламат не выключае, што пасля абмеркавання сітуацыі на ўзроўні зацікаўленых расейскіх ведамстваў у абмеркаванні пытання прыме таксама ўдзел афіцыйны Менск. Сурыкаў лічыць, што ў Беларусі могуць быць размешчаныя супрацьракетныя комплексы «Іскандэр» і стратэгічныя бамбардзіроўшчыкі.

Актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), падпалкоўнік ракетных войскаў аператыўна-тактычнага прызначэння ў адстаўцы Ўладзімір Нісцюк у адказ на заяву Аляксандра Сурыкава кажа, што ў беларускай Канстытуцыі ясна запісана: «Рэспубліка Беларусь з'яўляецца бяз'ядзернай і пазаблокавай краінай». А таму, па меркаванні Нісцюка, рабіць такія заявы, па меншай ступені, безадказна:

«Што датычна выказванняў спадара Сурыкава, то ўжо не ў першы раз расейскія палітыкі і дыпламаты дазваляюць сабе вырашаць лёс размяшчэння ракетнай зброі на тэрыторыі Беларусі. Комплексы «Іскандэр» прадугледжаныя для выкарыстання не толькі звычайных узбраенняў, але і ядзерных. Але пытанне нават не ў тым, што хтосьці нешта плануе размяшчаць, а ў тым, хто дае права гэтым людзям так заяўляць? Мы ўсё жа суверэнная дзяржава з 10-мільённым народам», - сказаў Уладзімір Нісцюк у інтэрв'ю карэспандэнту Рускай службы радыё «Свабода».

У адпаведнасці з планамі, амерыканцы маюць намер размясціць радар у Чэхіі і дзесяць ракет-перахопнікаў у Польшчы для абароны ад меркаванай ракетнай пагрозы.

Апошнія навіны