Польшча і Летува патрабуюць хутчэй прыняць Украіну ў НАТА
- 19.08.2008, 12:02
Прэзідэнты Летувы Валдас Адамкус і Польшчы Лех Качыньскі заклікаюць кіраўніцтва краінаў-чальцоў НАТА як мага хутчэй падаць Грузіі і Ўкраіне Плян дзеянняў па чалецтве ў Паўночнаатлантычным альянсе.
Як паведамляе УНІАН, лідэры двух краінаў абвесцілі сумесную дэклярацыю такога ўтрымання:
"Улічваючы дэклярацыю, прынятую НАТА у Бухарэсце, у якой адназначна падкрэсліваецца, што Грузія і Ўкраіна стануць чальцамі НАТА, мы звяртаемся да кіраўнікоў дзяржаў НАТА з просьбай паказаць міністрам замежных справаў сваіх краінаў адшукаць магчымасць як мага хутчэй абмеркаваць магчымасць падаць Грузіі і Ўкраіне Плян дзеянняў па чалецтве ў НАТА", - заявілі Качыньскі і Адамкус.
Па меркаванні лідэраў Польшчы і Летувы, падаванне Грузіі ПДЧ у НАТА з'яўляецца "адзіным сродкам для стабілізацыі сытуацыі ў рэгіёне і забеспячэння бяспекі мірных жыхароў".
Нагадаем, учора, 18 жніўня, адбылася тэлефонная размова паміж Прэзідэнтам Украіны Віктарам Юшчанкам і прэзідэнтам Летувы Валдасам Адамкусам.
Як паведамлялася, Кабмін падрыхтаваў законапраэкт аб унутранай і знешняй палітыцы да 2010 году, у якім ня ўзгадваецца неабходнасць далучэння Ўкраіны да Пляну дзеянняў адносна чалецтвыа ў НАТА.