BE RU EN

Ці амністуюць фігурантаў «Працэсу 14-ці»?

  • 21.08.2008, 9:41

Актывіст апазыцыі Алесь Бондар, прысуджаны па «справе 14-ці» да двух год абмежавання волі, заявіў, што будзе дамагацца амністыі для ўсіх пакараных за студзеньскія акцыі пратэсту прадпрымальнікаў у Менску.

“Я бы не надаваў вызваленню Казуліна, Парсюкевіча і Кіма такога пазітыўнага значэння. Трэба змагацца за тое, каб нам па “справе 14-ці” была амністыя”, - заявіў актывіст у інтэрв'ю «Еўрарадыё».

Алесь Бондар збіраецца змагацца і за зняццё судзімасці ў тым ліку з Андрэя Кіма, які атрымаў сама жорсткае пакаранне. Бондар таксама называе ўсіх вызваленых закладнікамі ўлады перад Захадам і ўпэўнены, што такія дзеянні ніякім чынам ня могуць быць прыкметай дэмакратызацыі або іншых пазітыўных зменаў.

Нагадаем, што 22 ліпеня калегія Менскага гарадскога суда пакінула бяз зменаў прысуды актывістам, асуджаным за мітынг прадпрымальнікаў 10 студзеня.

Гэта Андрэй Кім, Міхась Пашкевіч, Міхась Крываў Уладзімір Сяргеяў, Антон Койпіш, Тацьцяна Цішкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Бондар, Арцём Дубскі і Алесь Чэрнышаў.

Адвакаты заявілі, што прысуд ім быў вынесеным бяздоказны, што відэаздымкі, якія выкарыстоўвала следства, былі зробленымі ў парушэнне закона, а таксама шэрагу іншых доказаў. Але судовая калегія ў складзе старшыні Ўладзіміра Назаранкі і суддзяў Сяргея Хрыпача і Валянціны Крывой пакінулі бяз зменаў прысуд Цэнтральнага суду Менска, які быў вынесеным ў красавіку 2008 году.

Нагадаем, што моладзевы актывіст Андрэй Кім прысуджаны судом Цэнтральнага раёну Менску да 1,5 год калёніі. Астатнія ўдзельнікі «Працэсу 14-ці» - Алесь Бондар, Арцём Дубскі, Міхась Крываў, Міхась Пашкевіч, Алесь Стральцоў, Алесь Чэрнышаў, Тацьцяна Цішкевіч – прысуджаныя да абмежавання волі на 2 гады без кірунку для адбыцця тэрміну ў спецыяльныя ўстановы. Антона Койпіша і Ўладзіміра Сяргеева аштрафавалі на 100 базавых велічынь. Прысуд вынесла суддзя Алена Ілліна.

27 траўня па гэтай сама справе суддзя суда Цэнтральнага раёну Менску Валерый Есьман прысудзіў актывістаў апазыцыі Міхася Субоча і Паўла Вінаградава да 2 год абмежавання волі без кірунку ў выпраўленчыя ўстановы. Трэці абвінавачваны, Максім Дашук, як непаўналетні, прысуджаны да 1,5 год абмежавання волі.

Апошнія навіны