Удзельніца акцыі салідарнасці з Грузіяй - на свабодзе (Фота)
- 21.08.2008, 18:18
21 жніўня на волю выйшла актывістка арганізацыі "Малады Фронт" Людміла Атакулава. Яна была вызваленай з турмы на вуліцы Акрэсціна ў Менску.
Атакулову сустракалі лідэры арганізацыі Зьміцер Дашкевіч, Артур Фінькевіч, Зьміцер Федарук і іншыя чальцы "Маладога Фронту". Актывістцы падарылі кветкі і павіншавалі з вызваленнем.
Нагадаем, што Людміла Атакулава была асуджанай на 10 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у акцыі каля амбасады Расеі. Такую пастанову прыняў 12 жніўня суд Цэнтральнага раёну Менску. Атакулаву абвінавацілі ў парушэнні правілаў правядзення масавых мерапрыемстваў (артыкул 23.34 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэннях).
Акцыю ў падтрымку Грузіі актывісты арганізацыі «Малады Фронт» праводзілі каля амбасады Расеі ў Менску. 15 актывістаў арганізацыі дашлі да амбасады з плякатамі «Спыніць агрэсыю», «Расея-Грузія: вайна ў міратворчых мэтах?», «Адна шостая частка сушы – няўжо гэтага мала?»
Удзельнікі акцыі паспелі перадаць петыцыю супрацоўнікам амбасады. Усяго пікет доўжыўся каля 10 хвілін. Затым прыбылі супрацоўнікі міліцыі. Затрымлівалі актывістаў брутальна – міліцыянеры былі ўзброенымі аўтаматамі, актывістам заломлівалі рукі. У знак пратэсту яны селі на зямлю. У выніку ў міліцэйскія машыны затрыманых заносілі на руках.






