Абскарджваюцца дзеянні міліцыі: Ілля Богдан праседзеў у РУУС без ежы і піцця 26 гадзін
- 22.08.2008, 13:44
Адвакат актывіста арганізацыі «Моладзь БНФ» Іллі Богдана абскардзіць супрацьзаконныя дзеянні міліцыі падчас затрымання апазіцыянера па падазрэнні ў дачыненні да справы аб выбуху 4 ліпеня.
Іллю Богдана затрымалі ў цэнтры Менска праз некалькі дзён пасля выбуху ў Менску.
- Спыніўся мікрааўтобус, вышлі двое мужчын. Паказалі пасведчанні супрацоўнікаў КДБ, - распавядае "КП в Беларуси" 20-гадовы моладзевы актывіст. - Паведамілі, што я з'яўляюся падазраваным у выбуху і папрасілі прайсці разам з імі. Было каля сямі гадзін вечара.
Праз некалькі хвілін у кватэры Іллі прайшоў ператрус. Каля дзевяці вечара хлопца адвезлі ў следчае ўпраўленне на вуліцы Сапёраў.
Там на Іллю павінныя былі аформіць дакументы, але следчыя вельмі спяшаліся дадому і адправілі хлопца ў Маскоўскі РУУС. Адтуль яго павінныя былі адвезці ў ізалятар на Акрэсціна. Але замест гэтага Ілля правёў 26 гадзін у ізалятары Маскоўскага РУУС. Увесь гэты час яму не давалі ні ежы, ні піцця. Толькі праз суткі маме атрымалася перадаць хлопцу булачкі і бутэльку вады.
- Мы напісалі дзве скаргі на незаконнае затрыманне, у суд Цэнтральнага раёна і пракурору горада Менска, - распавёў адвакат Менскай гарадской калегіі адвакатаў Павел Сапелка. - І атрымалі адказ, што два супрацоўніка Маскоўскага РУУС прыцягнутыя да "дысцыплінарнай адказнасці".
Як растлумачылі ў прэс-службе ГУУС Менгарвыканкама, міліцыянтам была вынесеная вусная вымова.
- Нас задавольвае нават такі адказ. Важны сам факт, што дзеянні супрацоўнікаў прызнаныя незаконнымі і ім далі адзнаку, - кажа Павел Сапелка.