BE RU EN

Былога адваката Казуліна дапыталі па справе аб выбуху

  • 25.08.2008, 17:38

25 жніўня юрыст, былы адвакат палітвязня Аляксандра Казуліна Ігар Рынкевіч быў дапытаны ў РУУС Завадскога раёна Менска па справе аб выбуху ў сталіцы ўначы 4 ліпеня.

«У РУУС мне растлумачылі, што ў іх ёсць інфармацыя аб маім магчымым дачыненні да падзеяў 4 ліпеня», — распавёў ён у інтэрв'ю БелаПАН.

І.Рынкевіч паведаміў, што падчас гутаркі супрацоўнікі міліцыі цікавіліся падрабязнымі звесткамі аб ягонай адукацыі, месцы службы, сям'і і г.д. Акрамя таго, прасілі здаць аналіз сліны і зрабіць дактыласкапічную карту, ад чаго палітык адмовіўся.

"Дзеянні праваахоўных органаў пры расследаванні выбуху 4 ліпеня сведчаць аб іх непрафесіяналізме. Я, не менш чым яны мяне, магу падазраваць іх у дачыненні да выбуху. Якіх-небудзь доказаў неабходнасці выкліку ў РУУС яны не прад'явілі", — паведаміў І.Рынкевіч.

Палітык лічыць, што, затуляючыся расследаваннем выбуху 4 ліпеня, улады "выкарыстаюць яго па максімуме для пераследу апазіцыі". "Нельга выключаць, што, выклікаючы на допыты, яны складаюць банк дадзеных на дэмакратычных актывістаў", — падкрэсліў ён.

І.Рынкевіч таксама лічыць, што замест імітацыі дзейнасці па паўнавартасным расследаванні ўлады павінныя хутчэй пакрыць пацярпелым ад выбуху маральную і фізічную шкоду.

Неабходна адзначыць, што І.Рынкевіч вылучаецца кандыдатам у дэпутаты «палаты прадстаўнікоў».

Апошнія навіны