BE RU EN

Расея чакае ад Лукашэнкі прызнання незалежнасці Паўднёвай Асеціі і Абхазіі

  • 26.08.2008, 9:13

Масква ўскладае вялікія надзеі на Менск, які, па ейнаму меркаванню, вінен прызнаць незалежнасць Паўднёвай Асеціі і Абхазіі.

«Лідэры непрызнаных рэспублікаў заяўлялі аб сваім жаданні далучыцца да «саюзнай дзяржавы», і «саюзная дзяржава» гатовая прыняць да ўвагі гэтыя пажаданні. Гэта было бы зручна і для Расеі, бо гэты зварот не да Расеі, а да «саюзнай дзяржавы»,- заявіў дапаможнік дзяржсакратара так званай «саюзнай дзяржавы» Расеі і Беларусі Іван Макушок.

Амбасадар Расеі ў Беларусі Аляксандар Сурыкаў таксама дапусціў, што Менск можа прызнаць незалежнасць Абхазіі і Паўднёвай Асеціі, але "Расея вінная стаць першай".

Учора Дзярждума і Рада Федэрацыі Расеі падтрымалі прызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі ў якасці самастойных, суверэнных і незалежных дзяржаваў. Гэтае рашэнне выклікала негатыўную рэакцыю ЗША і Еўрапейскага Звяза.

Нагадаем, што раней Крэмль не хаваў вельмі негатыўнага стаўлення да "сціплай" пазыцыі Менска па нядаўнім канфлікце ў Грузіі і дэманстратыўна адклаў разгляд ягоных просьбаў аб пазыцы і зніжэнні кошту на расейскі газ.

19 жніўня на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым Аляксандар Лукашэнка не толькі цалкам падтрымаў дзеянні Расеі ў Грузіі, назваўшы іх «прыгожымі і мудрымі», але і пагадзіўся на стварэнне з Расеяй адзінай сістэмы СПА.

Апошнія навіны