Мядзведзеў збіраецца ваяваць з Амэрыкай з дапамогай Лукашэнкі?
- 27.08.2008, 8:21
Расеі прыйдзецца рэагаваць на размяшчэнне амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны недалёка расейскай мяжы вайсковым чынам. Аб гэтым заявіў прэзідэнт РФ Дзмітрый Мядзведзеў у інтэрв'ю арабскаму спадарожнікаваму тэлеканалу «Аль-Джазіра» ў аўторак, 26 жніўня, у Сочы.
"Калі казаць аб СРА, размяшчэнні ракетаў і радыёлякатара на тэрыторыі Польшчы і Чэхіі, то гэта яшчэ адзін крок па нагнятанні напружанасці, і мы не можам яго разглядаць інакш, чым як крок, накіраваны супраць Расеі, якімі бы матывамі не кіраваліся ў дадзеным выпадку дзяржавы НАТА", - сказаў Мядзведзеў.
"Нам распавядаюць, што нейкія тамака краіны ўяўляюць небяспеку - глупства ўсё гэта!" - сказаў Мядзведзеў.
"Гэта ракеты знаходзяцца побач з нашай мяжой і з’яўляюцца для нас пагрозай, гэта абсалютна дакладна", - сказаў расейскі прэзідэнт.
"Так што гэта, вядома, створыць дадатковую напружанасць, нам прыйдзецца на яе неяк рэагаваць, рэагаваць, натуральна, вайсковым чынам", - сказаў Мядзведзеў.
"Але я думаю, што НАТА гэта разумее, гэта - выбар Паўночнаатлантычнага Альянсу, не мы ракеты размяшчаем", - дадаў прэзідэнт РФ.
Раней у Генштабе РФ заявілі, што намер ЗША разгарнуць у Польшчы батарэю зенітна-ракетных комплексаў «Пэтрыёт» ніяк не звязаны з "іранскай праблемай" і з'яўляецца прамой пагрозай для Расеі.
Нагадаем, 20 жніўня Польшча і ЗША падпісалі дамову аб размяшчэнні элементаў амэрыканскай супрацьракетнай абароны на тэрыторыі Польшчы, паводле якой Пентагон збіраецца размясціць 10 ракетаў-перахопнікаў на базе недалёка ад Балтыйскага мора.
Расея неаднакроць пагражала ў адказ прыняць меры ў выпадку ажыццяўлення плянаў Пентагона. Гаворка ішла аб магчымым перенацэльванні ўдарных стратэгічных сродкаў на аб'екты ў Польшчы і Чэхіі. Не выняткоўвалася таксама размяшчэнне на тэрыторыі Беларусі балістычных ракетаў «Іскандэр» і стратэгічных бамбавікоў.
19 жніўня на сустрэчы з прэзідэнтам Расеі Дзмітрыем Мядзведзевым Аляксандар Лукашэнка пагадзіўся на стварэнне адзінай сістэмы СПА з Расеяй. Кіраўнікі Расеі і Беларусі дамовіліся правесці ўвосень паседжанне вышэйшай дзяржрады «саюзнай дзяржавы», на якім і будзе падпісанай дамова аб стварэнні адзінай сыстэмы СПА. У сакратарыяце «саюзнай дзяржавы» далі зразумець, што гэта адказ на размяшчэнне амэрыканскай СРА ў Еўропе.
Беларускія вайскоўцы рыхтуюць адказ амэрыканскай СРА
Беларускія вайскоўцы вельмі негатыўна ставяцца да размяшчэння амерыканскай СРА на тэрыторыі Польшчы і маюць намер распачаць адпаведныя меры.
Аб гэтым заявіў 21 жніўня міністар абароны генерал-палкоўнік Леанід Мальцаў.
"Гэта вельмі небяспечны прэцэдэнт, з майго пункту гледжання. Цяпер тыя, хто размяшчае гэтую зброю, пераступаюць небяспечную мяжу. Да чаго прыводзіць падобнае "напампоўванне мускулаў", паказала Паўднёвая Асеція", — заявіў Л.Мальцаў на прэс-канферэнцыі ў Ерэване.
Наступствы размяшчэння ў Польшчы элементаў сістэмы СРА ЗША могуць быць сама непрадказальнымі, зазначыў Л.Мальцев.
"У нас мірны атам, маю на ўвазе Чарнобыльскую АЭС, так ірвануў пад бокам, што тры краіны — Расея, Украіна і Беларусь — велізарнымі высілкамі ліквідоўвалі наступствы Чарнобыльскай АЭС. А тут, дарэчы, нямірны атам", — заявіў міністар абароны Беларусі.