BE RU EN

Супраць кіраўніцтва БЧ могуць узбудзіць крымінальную справу

  • 27.08.2008, 11:21

У Дэпартаменце фінансавых расследаванняў вырашаецца пытанне аб распачацці крымінальнай справы ў дачынені да кіраўніцтва Беларускай чыгункі.

Такое ўказанне, як стала вядома "Штодзённіку", даў ДФР старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Зянон Ломаць пасля калегіі, на якой былі разгледжанымі вынікі праверкі БЧ.

Як паведаміла прэс-служба КДК, на паседжанне калегіі былі запрошанымі міністар транспарту і камунікацыяў Уладзімір Сасноўскі, кіраўнік Беларускай чыгункі Ўладзімір Жэрэла, а таксама кіраўнікі аддзяленняў БЧ і арганізацыяў, уваходных у сыстэму Беларускай чыгункі.

Частка прэтэнзіяў кантралёраў да чыгуначнікаў яшчэ да калегіі агучыла АНТ, якое назвала выяўленыя факты безгаспадарлівасцю. Аднак старшыня КДК Зянон Ломаць ацаніў вынікі праверкі больш цвёрда. Па ягонаму меркаванню, у некаторых выпадках можна казаць аб здзяйсненні злачынства. Гаворка, вядома ж, ня ідзе аб тым, што праядаецца прыбытак, павялічваецца памер прыцягнутых пазыкаў, не забяспечваецца эфектыўнае выкарыстанне наяўных сродкаў і дзяржаўнай маёмасці, неэфектыўна выкарыстоўваюцца сродкі інавацыйнага фонду. Усё гэта пры жаданні можна ўбачыць на большасці дзяржпрадпрыемстваў. З.Ломаця абурыла, што на БЧ "шырока распаўсюджаная практыка дарагіх закупаў пры наяўнасці рэальнай магчымасці набыцця аналягічных тавараў па ніжэйшых коштах". Як паведамляе прэс-служба КДК, "у шэрагу выпадкаў закупы праводзіліся ў загадзя абраных пастаўнікаў, а ўсталяваныя патрабаванні па правядзенні закупаў выконваліся фармальна". Так, у ліпені 2007 году УП "Белчыгзабясп" для ўласных патрэбаў закупіла ў менскага ТАА "Фітнэс-тэхналёгіі" прафесійнае спартовае абсталяванне коштам у 214,4 млн рублёў, хоць яго можна было купіць танней на 122,4 млн рублёў. "Гэтым сама прадпрыемствам для службы ваенізаванай аховы БЧ без абгрунтавання вытворчай неабходнасці набыты ў менскага ТАА "Фелокт-сэрвіс" у дарагой камплектацыі легкавік "Шкода" мадэлі "Супер Камфорт" коштам у 23,75 тыс. эўра. З-за штучна створаных абмежаванняў да ўдзелу ў конкурсе не былі дапушчанымі прэтэндэнты, якія прапануюць іншыя маркі аўтамабіляў, у тым ліку і таннейшыя аўтамабілі", - паведамляе прэс-служба КДК.

Усе гэтыя факты, з аднаго боку, самі за сябе кажуць, але з іншага - і выедзенага яйка не каштуюць. Спартовае абсталяванне і легкавік сапраўды можна было купіць танней, але гэта было бы іншам абсталяваннем і іншым легкавіком. Таму складу злачынства тут няма і быць ня можа. Тым больш няма за што тут прыцягваць да крымінальнай адказнасці кіраўніцтва БЧ. Аднак менавіта такая задача і пастаўленая перад фінансавай міліцыяй, якая цяпер знаходзіцца ў прастрацыі: указанне выконваць трэба, а ўчапіцца няма за што. Як растлумачылі "Е" у ДФР, прэтэнзіі па Крымінальным кодэксе калі і можна прад'явіць, то адно па факце купоўлі колавых параў для вагонаў. Як усталявалі правяральннікі КДК, колы набываліся праз двух пасярэднікаў, хоць беспасярэдняя купоўля ў расейскага ТАА "ОМК-Сталь" абыйшлася бы на 1,9 млрд рублёў танней. Аднак і па гэтай прэтэнзіі ўжо падчас праверак чыгуначнікі далі свае тлумачэнні. Паводле іх, ТАА "ОМК-Сталь" не прадае колавыя пары наўпрост, а толькі праз сваіх пасярэднікаў, таму ў БЧ проста не было іншага вынахаду, улічваючы, што расеійская кампанія - манапаліст і дыктуе свае ўмовы. У цяперашні час ДФР накіраваў у Расею запыты, каб высвятліць, ці праўду сказалі чыгуначнікі. Калі расейцы пацвердзяць іхнія словы, то ў фінансавай міліцыі не застанецца на руках практычна нічога, што можна было бы падшыць да справы. Ёсць, праўда, яшчэ 868 вагонаў рэшткавым коштам у 3,5 млрд рублёў, якія кіраванне БЧ спісала ў 2006 годзе як згубленыя. Але і тут ДФР ня бачыць складу злачынства. Прынамсі, пакуль. Паміж тым у КДК прыспешваюць і патрабуюць прыняцця цвёрдага і прынцыповага рашэння па прадстаўленых матэрыялах. Злыя языкі пагаворваюць, што З.Ломацю трэба як мага хутчэй паказаць плённы вынік працы ведамства, у адваротным выпадку ўжо ў верасні ён можа пазбавіцца свайго месца. Зрэшты, хто ж верыць злым языкам?

Апошнія навіны