BE RU EN

Праваднікі цягніка Масква-Берасце збілі і абрабавалі «зайца»

  • 29.08.2008, 9:38

У Маскве арыштаваныя два праваднікі, якія вінавацяцца ў збіванні і рабаванні. Ахвярай зламыснікаў стаў безквітоўнік: службоўцы чыгункі яго пакалечылі, адабралі 5 тысячаў расейскіх рублёў, а таксама прымусілі прыбіраць вагон.

Супрацоўнікі чыгуначнай міліцыі на Беларускім вакзале затрымалі праваднікоў цягніка Берасце - Масква за здзяйсненне дзёрзкага рабавання, перадае "Інтэрфакс" з спасылкай на аддзяленне інфармацыі і грамадзкіх звязяў маскоўскага ўпраўлення ўнутраных справаў на чыгуначным транспарце (УУСЧТ).

Расследванне пачалося ў мінулы панядзелак пасля таго, як у міліцыю на Беларускім вакзале Масквы звярнуўся жыхар расейскай сталіцы. Пацярпелы паведаміў, што 23 жніўня яму неабходна было выехаць у Вязьму. Аднак з-за адсутнасці квіткоў ён звярнуўся наўпрост да кіраўніка цягніка Масква-Берасце з просьбай падвезці яго за абумоўлены поплатак да пункту прызначэння.

"Атрымаўшы адмову, масквічук дамовіўся з праваднікамі вагону №12, якія пагадзіліся давезці яго за 250 расейскіх рублёў", - растлумачылі ў міліцыі.

Па дадзеных следства, пасля адпраўлення цягніка ад станцыі Масква-Беларуская пацярпелы вырашыў разлічыцца з праваднікамі, для чаго падаў ім купюру вартасцю ў тысячу рас. рублёў. Замест рэшты праваднікі нанеслі пасажыру некалькі ўдараў у вобласць грудной цэлі, а затым уручылі швабру з анучай і прымусілі прыбіраць вагон, паведамляе Regions.ru.

"Калі пацярпелы спрабаваў выклікаць міліцыю, праваднікі адабралі ў яго дакументы, сотавы тэлефон і больш за 5 тысячаў рас. рублёў", - дадалі ў УУСЧТ.

Па словах пацярпелага, на станцыі Мажайск праваднікі доўга не пускалі яго выйсці, а перад адпраўленнем цягніка выпхнулі сваю ахвяру з вагону, у выніку чаго пацярпелы безквітоўнік атрымаў скалынанне галаўнога мозгу.

Пасля вяртання цягніка з Берасця ў Маскву падазраваныя былі затрыманымі. "Імі апынуліся грамадзяне Беларусі 23 і 25 гадоў", - зазначылі ў міліцыі. На дадзены момант яны арыштаваныя і ім прад'яўлена абвінавачванне.

Крымінальная справа ўзбуджаная адразу па некалькіх пунктах часткі 2 артыкулу 161 УК РФ (рабаванне, здзейсненае групай асобаў па папярэдняй змове з ужываннем гвалту).

Апошнія навіны