BE RU EN

Колькі можна прасіць?

  • Максім Вінярскі, jeans-by.com
  • 29.08.2008, 11:50

Яшчэ нядаўна з вуснаў большасці лідэраў палітычных партыяў гучала: калі ўлады ня пойдуць на змену выбарчага заканадаўства і не ўнясуць папраўкі ў выбарчы кодэкс, партыі ў "выбарах" удзельнічаць ня будуць. Ім адмовілі. Тады былі высунутымі наступныя ўмовы: пашырыць паўнамоцтвы назіральнікаў, празрыстыя вурны для бюлетэняў, допуск да падліку галасоў. Ізноў адмовілі.

Зараз чатыры новыя ўмовы: рэгістрацыя дэмакратычных кандыдатаў, уключэнне сваіх прадстаўнікоў у выбарчыя камісіі, спыненне рэпрэсіяў у дачыненні да актывістаў і забеспячэнне працы з выбарнікамі, уключаючы доступ да электронных мас-медыя. І зноў іх не выконваюць. Замест гэтага ўзбуджаюць крымінальныя справы супраць кандыдатаў, супраць “Маладога Фронту”, саджаюць на суткі распаўсюджвальнікаў улётак, не пускаюць апазыцыю ні ва ўчастковыя камісіі, ні ў СМІ.

Не надакучыла выпрошваць? Увесь час ісці на повадзе ўладаў? Штораз падладжваючыся пад ЦВК, які плюе на ўсе прапановы? Колькі можна патураць выбарчаму фарсу? Гэта ж менавіта ваш удзел у "выбарах" надае ім патрэбную палітычную вагу. Гульня ў "выбары" проста злачынная, у то час, як працягваюцца рэпрэсіі і ў турме трымаюць людзей за іхнюю грамадзянскую пазыцыю. Удзельнічаючы ў "выбарах", апазыцыя гуляе на руку ўладам, гуляе на ейным полі і па ейных правілах, дапамагае легітымізацыі рэжыму, на сумленні якога арышты, выкраданні і забойствы.

Спадар Лябедзька, ці Вы ўпэўнены, што чальцы Вашай партыі, Віктар Ганчар і Юрась Захаранка, падтрымалі бы Вашае імкненне ўдзельнічаць у выбарчым фарсе?

«Бывае, стаіш на плошчы з партрэтам у руках… І спрабуеш зразумець: ці вас, праходзілых міма, хвалюе што-небудзь у гэтым жыцці? Вы, якія пазіраеце з вакна тралейбуса, што думаеце аб асобах, якія глядзяць на вас з партрэтаў? А вы, у камуфляжы, што стаіце за маёй спінай, ці ў стане зразумець, што існуе іншае жыццё, афарбаванае ў розныя колеры, а не толькі ў брудна-шэры? Ці вы, якія страляеце, усведамляеце, што адплаты не пазбегнуць? І ты разумееш, што трэба стаяць… Стаяць, каб астатнія бачылі цябе з вокнаў тралейбусу, з іншага боку вуліцы, з-за спіны. Каб яны ведалі, што ты ёсць…»

Гэта ўрывак з улёткі, заклікалай да салідарнасці з зніклымі людзьмі. Ён актуальны і цяпер. Па сутнасці, гэта заклік выйсці з рамак звычайнага жыцця, зрабіць крок наперад з шэрага строю, перастаць рабіць выгляд, што ўсё добра. Сёння мы звяртаемся да ўдзельнікаў выбараў з заклікам выйсці з ліку тых, хто патурае бязмежжу ўлады, выявіць сілу салідарнасці і паказаць дыктатуры ейнае месца.

Рэжым кажа, што апазыцыя слабая. Але і сама апазыцыя сваімі дзеяннямі вельмі часта выстаўляе сябе з гэткай пазыцыі, калі адмаўляецца ад сваіх жа патрабаванняў. Больш за тое, непаслядоўнасць шматлікіх лідэраў апазыцыі ўжо выклікае раздражненне ў грамадзтве. Сёння можна дазволіць сабе моцны ход – зняць дэмакратычных кандыдатаў. Заўтра, пасля прызнання "выбараў" Захадам (а гэта можа адбыцца толькі з-за вашага ў іх удзелу), ужо будзе позна.

Апошнія навіны