Скрабца падазраюць ў нанясеньні надпіса «Байкот!» на помнік Леніну
- 29.08.2008, 15:11
У Берасьці па падазрэньні ў нанясеньні надпісу «Байкот!» на помнік Леніну, які стаіць на аднайменнай плошчы, 28 жніўня быў затрыманы актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Яўген Скрабец.
Учора каля 15 гадзін актывіст, на якім была майка з надпісам "Байкот", праходзіў на гэтай плошчы. Убачыўшы на помніку надпіс, сфатаграфаваў яго і пайшоў далей. У 15.10 за некалькі кварталаў ад плошчы Леніна, на скрыжаваньні вуліц Маякоўская і Камсамольская, супрацоўнік міліцыі затрымаў актывіста.
У Ленінскім РАУСе на Я.Скрабца быў складзены пратакол. Актывіст падазраецца ва ўчыненьні правапарушэньня па арт. 17.1 КоАП (дробнае хуліганства) — нанясеньне надпісу на помнік. У актывіста была канфіскавана фотакамэра, якую пасля агляду яму вярнулі. У 17.50 ён быў адпушчаны на волю, паведамляе “Радыё Рацыя”.
Гэта ўжо другі інцыдэнт у Берасьці, зьвязаны з байкатаваньнем “парлямэнцкіх выбараў”. Увечары 25 жніўня на пешаходнай вуліцы Савецкай былі затрыманы два моладзевых актывіста, якія распаўсюджвалі ўлёткі аб байкоце. Адным з іх быў Яўген Скрабец.
На працягу амаль гадзіны міліцыянты вялі перамовы з маладымі людзьмі, якія катэгарычна адмаўляліся ехаць у адзьдзяленьне. Я.Скрабец быў адпушчаны пасля прад'яўленьня пашпарта. У Івана Стасюка дакумэнтаў пры сабе не было, яго даставілі ў Ленінскі РАУС, адкуль потым адпусцілі пасля высьвятленьня асобы.