Расследаванне справы аб выбуху зайшло ў тупік?
- 5.08.2008, 12:11
Адзін з ініцыятараў стварэння Беларускага камітэта ў абарону правоў зняволеных "Над бар'ерам" Цімафей Дранчук дапытаны ў следчым упраўленні КДБ па Менску і Менскай вобласці па справе аб выбуху ў сталіцы 4 ліпеня.
Як паведаміў БелаПАН Ц.Дранчук, на допыт, прызначаны на 5 жніўня, яго выклікалі па тэлефоне напярэдадні ўвечары. "Я паспрабаваў удакладніць, на якую тэму будзе гутарка, — сказаў Ц.Дранчук. — Супрацоўнік адказаў, што па тэлефоне падобныя пытанні не абмяркоўваюцца і мне растлумачаць тэму гутаркі пры сустрэчы. Мы дамовіліся, што ў 9 раніцы я буду ва ўпраўленні КДБ па адрасе завулак Казлова, 6".
Па словах Ц.Дранчука, пытанні былі стандартныя. "Пыталіся, дзе я быў увечары 3 ліпеня, хто можа пацвердзіць маё алібі, узялі адбіткі пальцаў, — сказалі, што гэта абавязковая працэдура і без маіх "пальцаў" расследаванне зойдзе ў тупік. Увогуле, усё па-ранейшаму, як і ў іншых", — распавёў Ц.Дранчук.
"Абсалютна відавочна, што дапытваюць апазіцыянераў толькі таму, што цяпер у разгары “парламенцкая кампанія”. Хтосьці з іх займаецца вылучэннем сваіх кандыдатаў і зборам подпісаў, хтосьці байкотам. Але ў любым выпадку выклікі ў КДБ на допыты з'яўляюцца відавочнай спробай не даць ім магчымасці паўнавартасна праводзіць гэтую кампанію", — лічыць Ц.Дранчук.