Лукашэнка «напляваў» на заклікі Рады Еўропы
- 5.08.2008, 13:46
Напярэдадні «выбараў» Аляксандр Лукашэнка дэманстратыўна падпісаў закон аб СМІ, праігнараваўшы звароты Рады Еўропы аб тым, што гэты закон можа канчаткова знішчыць свабоду слова ў Беларусі.
Нагадаем, што незадоўга да падпісання Лукашэнкам закона, дакладчык Парламенцкай Асамблеі Рады Еўропы па Беларусі Андрэа Рыгоні звярнуўся да беларускіх улад з заклікам прыпыніць разгляд закона аб СМІ.
«Праект закона аб сродках масавай інфармацыі выклікае ў мяне сур'ёзныя турботы. Я заклікаю беларускія ўлады прыпыніць наступны разгляд гэтага законапраекта і ўвядзенне яго ў дзеянне», - заявіў спецдакладчык.
«Уступіўшы ў сілу, праект закона аб сродках масавай інфармацыі яшчэ больш абмяжуе свабоду інфармацыі ў Беларусі - асабліва ў адносінах электронных СМІ, а таксама пашырыць магчымасці органаў улады ўмешвацца ў дзейнасць сродкаў масавай інфармацыі, што ідзе насуперак з еўрапейскімі стандартамі. Больш таго, яшчэ да ўступлення ў сілу новы законапраект будзе мець негатыўнае ўздзеянне ў выглядзе самацэнзуры сродкаў масавай інфармацыі. З улікам маючых адбыцца «парламенцкіх» выбараў, гэта тым больш з'яўляецца прычынай турботаў», - лічыць прадстаўнік ПАРЕ.
Як ужо паведамляў прэс-цэнтр Хартыі’97, з заклікам адмовіцца ад прыняцця дадзенага дакумента да беларускіх улад таксама звяртаўся шэраг міжнародных структур, у прыватнасці Арганізацыя па бяспецы і супрацоўніцтву ў Еўропе (АБСЕ), Еўрапейская Камісія, міжнародная праваабарончая арганізацыя "Рэпарцёры без меж".
Закон уводзіць рэгістрацыю "СМІ, што распаўсюджваюцца праз глабальную кампутарную сетку Інтэрнэт". Гэтая рэгістрацыя і дзейнасць СМІ будуць рэгулявацца не законамі, а пастановамі Савета міністраў Беларусі. Дзейнасць любога незарэгістраванага інтэрнэт-СМІ можа быць прыпыненая.
Таксама новы закон забараняе рэгістрацыю СМІ, доля замежнага капіталу ў якіх перавышае трыццаць адсоткаў. Для распаўсюджвання замежнага выдання на тэрыторыі краіны зараз запатрабуецца адмысловы дазвол. Уводзіцца абавязковая акрэдытацыя журналістаў замежных СМІ на тэрыторыі Беларусі.
Спіс парушэнняў, за якія ў адрас рэдакцыі можна вынесці папярэджанне, дастатковае для прыпынення выдання друкаванага органа, у законе абмаляваны досыць імгліста, адказнасць СМІ зараз будзе надыходзіць у выпадку "распаўсюджвання няпэўнай інфармацыі, якая можа прычыніць шкоду дзяржаўным або грамадскім інтэрасам". Вынесці жа такое папярэджанне можа суддзя, пракурор або нават чыноўнік раённай адміністрацыі.
Па новым законе, парадак дзяржрэгістрацыі СМІ, што распаўсюджваюцца праз Інтэрнэт, аднесены да кампетэнцыі Савета міністраў Беларусі. Усталявана, што ўсе зарэгістраваныя сродкі масавай інфармацыі падлягаюць уключэнню ў дзяржаўны рэестр СМІ, вядзенне якога ўскладзенае на Міністэрства інфармацыі.
Лукашэнку падаецца права без папярэдняга ўзгаднення з дзяржаўнымі тэлевізійнымі і радыёвяшчальнымі СМІ звяртацца да народа па важных пытаннях грамадска-палітычнага жыцця. У новым праекце закона адсутнічае становішча, паводле якога арганізацыі, пры якіх акрэдытаваны карэспандэнт, абавязаныя паведамляць яму аб маючых адбыцца мерапрыемствах, забяспечваць дакументамі.
Закон уступіць у сілу праз 6 месяцаў пасля ягонага афіцыйнага апублікавання.