У «Беларусбанку» шукалі выбухную прыладу
- 7.08.2008, 11:08
Цяпер міліцыя вядзе пошук зламыснікаў, якія зрабілі паведамленне, што будынак філіяла банка ў Хоцімску (Магілёўская вобласць) замінаваны.
Аб гэтым паведамілі агенцтву "Інтэрфакс-Захад" у РУУС Хоцімскага раёна.
"На акне будынка філіяла банка ў Хоцімску была выяўленая цыдулка аб тым, што будынак замінаваны", паведамілі ў РУУС. "На месца здарэння прыбыла група размінавання з сабакай, былі эвакуяваныя працаўнікі і наведвальнікі банка, выбухная прылада выяўленая не была", паведамілі суразмоўцы агенцтва. Па дадзеным факце ўзбуджаная крымінальная справа па арт. 340 "Загадзя ілжывае паведамленне аб небяспецы" Крымінальнага кодэкса Беларусі, паведамілі ў РУУС.
Па словах суразмоўцаў агенцтва, "у межах расследавання крымінальнай справы зробленыя почырказнаўчыя экспертызы, следчыя адгледжваюць запісы камер відэаназірання".