Пошукамі беларускай дзяўчыны займаецца офіс Арнольда Шварцэнэгера
- 7.08.2008, 12:15
Асноўная група беларускіх дзяцей, 24 чалавекі, рыхтуецца да адлёту з ЗША ў Менск.
Аб гэтым паведаміла кіраўніца аддзелу прэсавай службы ўпраўленьня інфармацыі Міністэрства замежных справаў Марыя Ваньшына.
Яна ня ведае, калі група прыляціць у Беларусь. Паводле яе словаў, гэта будзе залежаць ад таго, ці ёсьць квіткі на рэйс. У дадзены момант дзеці знаходзяцца ў амэрыканскіх сем’ях, дзе яны праходзілі аздараўленьне.
Цяпер “працягваецца шчыльнае ўзаемадзеяньне амэрыканскага і беларускага бакоў па рашэньні пытаньня вяртаньня на радзіму непаўналетняй грамадзянкі Беларусі”, — паведамілі БелаПАН у МЗС. Прадстаўніца гэтага ведамства дадала, што да вырашэньня праблемы далучыўся офіс губэрнатара Каліфорніі, які падтрымлівае сувязь з уладамі гораду Петалума (Каліфорнія, непадалёк ад Сан-Францыска), дзе знаходзіцца беларуская дзяўчынка.
5 жніўня група беларускіх дзяцей у складзе 25 чалавек, якая знаходзілася на аздараўленні ў ЗША, планавала выляцець у Менск з Сан-Францыска. Да прызначанага часу ў аэрапорт не прыбыла адна непаўнагадовая грамадзянка Беларусі. У гэтай сувязі вылет групы беларускіх дзяцей быў адкладзены. Прадстаўнікі амерыканскай арганізацыі, якая прымае беларускіх дзяцей, звярнуліся ў паліцыю.