Міхаіл Марыніч: «Латвія заняла беспрынцыповую пазыцыю ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі»
- 7.08.2008, 12:54
Былы амбасадар Беларусі ў Латвіі раскрытыкаваў сустрэчу прэм'ер-міністра Латвіі Іварса Гадманіса з беларускім прэм'ерам Сяргеем Сідорскім.
У сувязі з нядаўняй таямнічай сустрэчай прэм'ер-міністраў Беларусі і Латвіі сёння прэс-сакратар прэм'ер-міністра Латвіі Эдгарс Вайкуліс заявіў: "Улічваючы асцярожныя пазыцыі ЕЗ у пытаннях супрацоўніцтва з Беларуссю", сустрэча прэм'ер-міністраў Беларусі і Латвіі на мяжы двух краінаў "не магла ня быць узгодненай з Брусэлем".
Нагадаем, што 11 ліпеня прэм'ер-міністар Латвіі Іварс Гадманіс правёў перамовы з беларускім калегам Сяргеям Сідорскім на КПП на тэрыторыі Латвіі. Пры гэтым з 1997 году ў краінах ЕЗ дзейнічае забарона на сустрэчы з беларускімі службоўцамі вышэй за ўзровень намміністра. Варта зазначыць, што афіцыйныя беларускія крыніцы паведамілі аб сустрэчы прэм'ераў 14 ліпеня, латвійскі прэм'ер-міністр распавёў аб ёй журналістам 4 жніўня.
Па словах Э.Вайкуліса, на сустрэчы абмяркоўвалася пашырэнне супрацоўніцтва ў сферы транзітных перавозак і ў энергетычнай сферы. Прэс-сакратар паказаў, што пасля зачынення Ігналінскай АЭС балтыйскі рэгіён можа сутыкнуцца з недахопам энергарэсурсаў, і Латвія, як адзін з імпартэраў таннай энергіі, "зацікаўленая ў электраэнергіі з Беларусі". Перамовы толькі пачаліся, і аб пэўных рашэннях казаць рана, адзначыў Э.Вайкуліс.
Прэс-сакратар падкрэсліў, што неабходнасць асабістай сустрэчы прэм'ераў выкліканая важнасцю праблемы не толькі для Латвіі, але для ЕЗ цалкам. "Калі мы можам прапанаваць рашэнне праблемаў рэгіёну, у чым зацікаўлены ЕЗ, то забарона на сустрэчы з беларускімі службоўцамі замінае рашэнню ўнутраных праблемаў Еўразвязу", — падкрэсліў прадстаўнік латвійскага ўраду.
Каментуючы пытанне аб падтрымцы Рыгай пазыцыі Брусэля па абмежаванню ўзаемадзеяння з Беларуссю, Вайкуліс падкрэсліў, што "ужо факт сустрэчы паказвае, што Латвія зацікаўленая ў эканамічным супрацоўніцтве з Беларуссю".
Пракаментаваць палітыку кіраўніцтва Латвіі прэс-цэнтр Хартыі’97 папрасіў былога амбасадара Беларусі ў Латвіі, Эстоніі і Фінляндыі, былога палітвязня і аднаго з лідэраў грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Міхаіла Марыніча.
«Я думаю, што насамрэч гэта кажа аб беспрынцыповай пазыцыі службоўцаў высокага рангу той сама Латвіі, ды і ўсіх прыбалтыйскіх дзяржаў. Пазыцыя гэтых краін-сябраў Еўразвязу вінная быць адназначнай – усё павінна быць узгодненым з дэмакратычнай грамадзкасцю Беларусі. Першаснымі вінныя быць не эканамічныя інтэрасы, а 12 патрабаванняў Еўрапейскага Звязу. Я ня думаю, што Еўразвяз - гэтак слабая арганізацыя, каб прахінацца перад дыктатурай, якая робіць сёння ўсе, каб ня весці перамоваў у першую чаргу з дэмакратычнымі сіламі, а, наадварот, узмацняе рэпрэсіі і ціск на апазыцыю ўнутры краіны», -- заявіў прэс-цэнтру Хартыі’97 Міхаіл Марыніч.