Толькі за суткі за таніроўку аштрафавана больш за 200 кіроўцаў
- 7.08.2008, 13:13
Супрацоўнікі Дзяржаўтаінспекцыі Менска за мінулыя суткі прыцягнулі да адміністрацыйнай адказнасці 225 кіроўцаў, шкло аўтамабіляў якіх было таніраванае звыш усталяванай нормы або зашторанае.
Аб гэтым паведамілі ў ДАІ ГУУС Менгарвыканкама. З 4 па 14 жніўня Дзяржаўтаінспекцыя Менска праводзіць дэкаду па выяўленні і спыненні ўдзелу ў дарожным руху транспартных сродкаў з залішне таніраваным шклом.
У Беларусі забароненае выкарыстанне аўтамабільнага шкла, ступень светапрапускання якога складае менш за 70% — для пярэдняга и бакавога і менш за 60% — для астатняга шкла, а таксама з усталяванымі дадатковымі прадметамі або нанесенымі пакрыццямі, якія абмяжоўваюць агляднасць дарогі і якія пагаршаюць празрыстасць шкла.
У ДАІ растлумачылі, што ўзмацненне барацьбы з таніроўкай шкла прадпрынятае па прычыне таго, што некаторыя кіроўцы ўсталёўваюць на свае аўтамабілі шкло з нармальным каэфіцыентам светапрапускання толькі на час рэгістрацыі транспартнага сродку або праходжанні дзяржаўнага тэхнічнага агляду.
З 7 па 15 жніўня Дзяржаўтаінспекцыя Менска таксама праводзіць прафілактычную акцыю «Дзеці-пасажыры». Правядзенне дадзенага мерапрыемства звязанае з тым, што ў апошні час у рэспубліцы пачасціліся выпадкі траўміравання і гібелі дзяцей у транспартных сродках.