На шляху беларускіх працоўных у Расею паставяць «заслону»
- 7.08.2008, 14:25
Адзіным спосабам утрымаць у краіне працоўную сілу, занятую ў будаўнічай галіне, застаецца павелічэнне заробкаў, лічыць міністр архітэктуры і будаўніцтваа Аляксандр Селязнёў.
Будаўніцтва, якое ўжо цяпер па ўзроўні заробкаў саступае толькі банкаўскаму сектару і нафтаваму комплексу, яшчэ больш узбагаціць «працавікоў», зарплата якіх да канца года павінная вырасці з цяперашніх 700-750 даляраў (у кваліфікаванага персанала) да 1-1,2 тыс. Даляраў, паведамляе “БДГ”.
Пакуль гаворка ідзе толькі аб «працоўных руках», але ў будучыні, заявіў А.Селязнёў, такія меры могуць распаўсюдзіцца і на спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, першым чынам праектоўнікаў, праца якіх у суседняй Маскве ацэньваецца ў 3-5 тыс. даляраў.
Такая заслона, якая павінная перашкаджаць адтоку кадраў на будоўлі Расеі, праўда, не можа не адбіцца на сабекошце аб'ектаў, якія ўзводзяцца, першым чынам, на жылых. Але пакуль у міністэрстве больш заклапочаныя праблемай вострага недахопу працоўных рук, якая стала адчувальная пасля павелічэння плану ўводу жылля да 10 млн. кв. м. у 2010 годзе. Да таго ж «вялікія будоўлі», якія задумала Беларусь, патрабуюць адцягнення значных працоўных рэсурсаў – толькі на «Менскарэне» працуе 1,5 тыс. чалавек, яшчэ 1 тыс. – занятая ў рэканструкцыі опернага тэатра.
Колькі беларускіх будаўнікоў штогод адпраўляецца на заробкі ў Расею і іншыя краіны, сказаць амаль немагчыма. Афіцыйна за мяжой працуе 2 тыс. будаўнікоў, у тым ліку да 200 чалавек – у Венесуэле. Але відавочна, што рэальныя лічбы (з улікам гастарбайтэраў) нашмат вышэй.
Дарэчы, магчымасць насычэння беларускага рынка адносна таннай працоўнай сілай з Малдовы, Украіны і сярэднеазіяцкіх краін таксама прапрацоўваецца ў профільным міністэрстве. Пакуль жа перад замежнымі інвестарамі, якія рэалізуюць праекты па будаўніцтве ў Беларусі, паставілі ў ліку іншых і ўмову самастойна знайсці і прывезці ў Беларусь працоўную сілу.