BE RU EN

Саміт Еўразвяза паставіў пад пытанне адносіны з Расеяй

  • 1.09.2008, 16:46

На саміце ЕЗ прынятае рашэнне аб пераглядзе адносінаў з Расеяй у сувязі з грузіна-асяцінскім канфліктам. ЕЗ ставіць пад пытанне наступныя адносіны з РФ, гаворыцца ў праекце пастановы, якая апынулася ў распараджэнні Reuters.

"Звяз будзе і надалей выяўляць пільнасць",- абвяшчае праект. У той жа час, дапушчаецца магчымасць наступнай дыскусіі па дадзеным пытанні.

Раней ЕЗ прыняў рашэнне накіраваць у зону грузіна-паўднёваасяцінскага канфлікта місію назіральнікаў, аднак адбудзецца гэта не раней за кастрычнік.

Вялікабрытанія заклікала краіны - сябры ЕЗ прыпыніць перамовы па новай дамове аб партнёрстве з Расеяй. У Лондане ўпэўненыя, што ў сувязі з дзеяннямі расейскіх улад у Паўднёвай Асеціі стасункі Еўразвяза з Расеяй павінныя быць цалкам перагледжаныя.

Большасць краін Еўразвяза, а таксама ЗША ацэньваюць дзеянні расейскіх улад у Паўднёвай Асеціі як агрэсію супраць Грузіі. Крытыка Масквы ўзмацнілася пасля таго, як прэзідэнт Расеі Дзмітрый Мядведзеў падпісаў указ аб прызнанні незалежнасці Абхазіі і Паўднёвай Асеціі.

Заходнія краіны запатрабавалі ад Расеі адмяніць гэтае рашэнне і выявіць павагу да тэрытарыяльнай цэласнасці Грузіі. Мядведзеў ужо заявіў, што рашэнне аб прызнанні незалежнасці рэспублік перагляду не падлягае.

Нагадаем, што 28 жніўня міністр замежных спраў Францыі Бернард Кушнер заявіў аб тым, што лідэры краін Еўразвяза разглядаюць магчымасць увядзення санкцый супраць Расеі.

У адказ на пытанне аб мерах, якія могуць быць прынятыя супраць Расеі на саміце, Б.Кушнер сказаў: "Санкцыі абмяркоўваюцца". Пры гэтым ён не стаў паведамляць якія-небудзь падрабязнасці.

Пазней кіраўнік французскага міністэрства замежных спраў (у цяперашні час менавіта Францыя старшынюе ў Еўразвязе) аспрэчыў гэтую інфармацыю, адзначўшы, што 1 верасня аб санкцыях на саміце ЕЗ гаворкі весціся не будзе.

Апошнія навіны