П'яных не пусцяць на свята «Красуй наш Менск - любiмая сталiца»
- 10.09.2008, 12:26
У сувязі з тым, што ў свяце "Красуй наш Мiнск — любiмая сталiца" 12—14 верасня прыме ўдзел вялікая колькасць гасцей і жыхароў горада, менская міліцыя заклікае выконваць асноўныя правілы правядзення масавых мерапрыемстваў.
Аб гэтым гаворыцца ў паведамленні, размешчаным на сайце ГУУС Мінгарвыканкама.
У прыватнасці, на свята не будуць дапускацца грамадзяне ў стане алкагольнага ап'янення і асобы, які будуць праносіць з сабой спіртныя напоі і піва (у якой бы ўпаковачнай тары яно ні было). Не будуць дапушчаныя таксама і тыя, хто паспрабуе пранесці прадметы, здольныя прычыніць цялесныя пашкоджанні навакольным, а таксама выбуханебяспечныя і іншыя прадметы, забароненыя да свабоднага доступу.
ГУУС настойліва заклікае грамадзянаў быць пільнымі па дачыненні да сваіх асабістых рэчаў і не забываць іх, а ў выпадку выяўлення безгаспадарных падазроных прадметаў неадкладна інфармаваць аб гэтым супрацоўнікаў міліцыі.
Паведамляецца, што ў мэтах забеспячэння правапарадку і грамадскай бяспекі на гэтых святочных мерапрыемствах будзе ажыццяўляцца відэадакументаваньне.
ГУУС інфармуе, што рух асабістага аўтатранспарту будзе абмежаваны з 10.00 да 12.00 13 верасня ў сувязі з фармаваннем у раёне КЗ "Менск" калоны автамотатранспорту і сельскагаспадарчай тэхнікі і яе рухам па маршруце: вул.Леніна — вул.Ульянаўская — вул.Свярдлова — пр.Незалежнасці — МКАД.
З 10.00 да 16.30 таго жа дня будзе перакрыты рух аўтатранспарту па пр.Пераможцаў (ад пл.Свабоды да МКАД) і па пр.Машэрава (ад пр.Пераможцаў да вул.Даумана). Пры гэтым паркоўка на гэтай тэрыторыі будзе забароненая ўжо напярэдадні, 12 верасня, з 21.00.
Несці службу ва ўзмоцненым варыянце сталічная міліцыя будзе 12—14 верасня.