З Магілёўскага ўнівэрсытэту адлічылі актывіста «Маладога Фронта»
- 10.09.2008, 18:47
Актывіста арганізацыі “Малады фронт” Расьціслава Панкратава адлічылі з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова.
У адміністрацыі вучэльні даводзяць, што студэнт факультэту замежных моваў Панкратаў ня здаў летняй сэсіі за першы курс, таму й адлічаны. Сам жа актывіст называе рашэньне рэктарату палітычна матываваным.
Паводле Расьціслава Панкратава, кіраўніцтва ўнівэрсытэту ведала, што ён актывіст моладзевага апазыцыйнага руху. Пасьля першага месяца вучобы, кажа ён, ва ўнівэрсытэт прыходзілі супрацоўнікі Камітэту дзяржаўнай бясьпекі й дапытвалі яго ў службовым памяшканьні рэктарату:
“Да мяне прыйшлі з камітэту й пачалі “наяжджаць”: на якіх падставах я ежджу па замежжы? Прапаноўвалі супрацоўніцтва, але я адмовіўся”, -- паведаміў актывіст для “Радыё Свабода”.
Расьціслаў Панкратаў — другі студэнт, якога за апошні тыдзень адлічылі з Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Куляшова. У мінулую пятніцу стала вядома, што з гэтай вучэльні, з гістфаку, адлічаная й каардынатарка аргкамітэту па стварэньні аб’яднаньня “Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя” Тацяна Шамбалава.