Кіраўніка МЗС Беларусі Мартынава не хочуць пускаць у Еўрасаюз
- 10.09.2008, 19:44
Міністр замежных справаў Нідэрландаў Максім Вярхаген у сераду запатрабаваў пазбавіць шэнгенскай візы кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава, а Францыя абвяргае інфармацыю, што чыноўніка запрасілі ў Брусэль.
У выпадку ўхвалення дадзенай ініцыятывы парламентам краіны, Мартынаву можа быць закрыты ўезд у Брусэль, дзе знаходзіцца штаб-кватэра ЕС, паколькі ўрад Нідэрландаў будзе адстойваць сваю пазіцыю ў коле астатніх чальцоў Еўрасаюза.
На думку Вярхагена, здымаць усе міжнародныя санкцыі ў дачыненні да Беларусі яшчэ занадта рана, паколькі гэтая краіна дагэтуль "не паважае правы чалавека". Зрэшты, Вярхаген падкрэсліў, што прызнанне апошніх пазітыўных зрухаў у Беларусі – напрыклад, вызвалення палітычных зняволеных – з'яўляецца важнай і неабходнай мерай, паведамляе нямецкае агенцтва DPA.
Больш за тое, сёння стала вядома, што кіраўніка МЗС Беларусі Сяргея Мартынава не запрасілі на сустрэчу ў Брусэлі з прадстаўнікамі «тройкі» Еўрасаюза, якая пройдзе 15 верасня ў межах чарговага паседжання кіраўнікоў МЗС 27 краінаў Еўрасаюза.
У гутарцы з БелаПАН прадстаўнік міністэрства замежных справаў Францыі, якая старшынюе у ЕС, аспрэчыў інфармацыю, якую 9 верасня распаўсюдзіла РІА "Новости" аб тым, што С.Мартынаў правядзе перамовы з Б.Ферара-Вальднер, Бернарам Кушнерам, кіраўніком МЗС Францыі, якая старшынюе у ЕС, і вярхоўным прадстаўніком ЕС па агульнай знешняй палітыцы і бяспецы Хаўерам Саланам.
Суразмоўца не выключыў, што на сустрэчы 15 верасня міністры замежных справаў краінаў ЕС прымуць рашэнне аб запрашэнні беларускага калегі на сваё наступнае паседжанне 13 кастрычніка. Паводле інфармацыі французскага дыпламата, перамовы з беларускім міністрам не сталі прызначаць да "парламенцкіх выбараў" у Беларусі 28 верасня.