Паўднёвая Карэя пацвярджае, што дыктатар Кім Чэн Ір сур'ёзна хворы
- 10.09.2008, 10:18
Прэзідэнт Паўднёвай Карэі Лі Мен Бак фактычна пацвердзіў чуткі аб хваробе лідэра Паўночнай Карэі, склікаўшы ў сераду экстраную нараду, прысвечаную стану здароўя Кім Чэн Іра.
"Лі (прэзідэнт Паўднёвай Карэі) абмеркаваў меры, датычныя магчымасці сур'ёзнай хваробы паўночнакарэйскага лідэра, падчас незапланаванай сустрэчы са старэйшымі памочнікамі прэзідэнта", — заявіла паўднёвакарэйскаму агенцтву крыніца ў адміністрацыі прэзідэнта.
У аўторак у СМІ з'явіліся паведамленні аб тым, што, паводле дадзеных амерыканскай выведкі, 66-гадовы лідэр Паўночнай Карэі Кім Чэн Ір сур'ёзна хворы і, магчыма, перанес інсульт.
Прадстаўнік Белага дома Гордан Джондра падкрэсліў, што ўлады ЗША прынялі да ўвагі паведамленні аб пагаршэнні стану здароўя Кім Чэн Іра, якія з'явіліся ў СМІ, аднак пакуль не валодаюць дадатковай інфармацыяй па гэтым пытанні.
Пытанне аб здароўі паўночнакарэйскага лідэра стала асабліва актуальным, калі высветлілася, што ў аўторак ён не прысутнічаў на ваенным парадзе, прымеркаваным да святкавання 60-годдзя КНДР. Кім Чэн Ір таксама не наведаў святочныя мерапрыемствы, якія адбыліся ў панядзелак.