Генерала Ярузэльскага вярнулі на лаву падсудных
- 12.09.2008, 11:06
У Варшаве пачынаецца суд над апошнім камуністычным лідэрам Польшчы генералам Войцэхам Ярузэльскім за ўвядзенне ў Польшчы ваеннага становішча ў 1981 годзе.
Сам ён заўсёды сцвярджаў, што пайшоў на гэты крок з мэтай пазбегнуць увядзення ў Польшчу савецкіх войскаў.
Ярузэльскому зараз 84 гады, ён ужо некалькі гадоў пакутуе на захворванне сэрца. Урачы дазволілі яму ўдзельнічаць у судовых паседжаннях не больш за дзве гадзіны ў дзень.
Разам з Ярузэльскім перад судом паўстануць экс-кіраўнік Польскай Аб'яднанай працоўнай партыі Станіслаў Каня і былы міністр унутраных справаў Чэслаў Кішчак, паведамляе «Бі-бі-сі».
Слуханні будуць праходзіць у акруговым судзе Варшавы. У траўні суд вярнуў матэрыялы абвінавачвання на дадатковае расследаванне, спаслаўшыся на недахопы ў праведзеным раней следстве, аднак, неўзабаве апеляцыйны суд адмяніў гэтае рашэнне.
Ваеннае становішча ў Польшчы было ўведзенае ў ноч з 12 на 13 снежня 1981 гады і праіснавала да 1983 году. За гэты час у турму былі адпраўленыя тысячы дысідэнтаў, уключаючы лідэра "Салідарнасці" Леха Валенсу.